“Калі на вуліцы халодна, а ў душы заўсёды юная гарэзлівая вясна, у якой няма ўзросту”, - так напісала пра кнігу твораў беларускіх аўтараў “Калі цвіла чаромха”, што выйшла ў выдавецтве “Мастацкая літаратура”, наша слухачка Святлана Чарная, якая прыняла ўдзел у конкурсе фотаздымкаў “Кніга для ўсяго свету”. Такую інтэрактыўную акцыю аб’явіла на інтэрнэт-сайце наша Міжнароднае радыё Беларусь два тыдні таму. Мы прасілі слухачоў прыслаць фота са сваёй любімай кнігай, і нам прыемна, што да ўдзелу ў конкурсе ўжо далучыліся слухачы з Беларусі і Індыі, В’етнама і Егіпта, Кітая і Германіі…
Значыць, кніга ўсё ж, нягледзячы на ўсе песімістычныя прагнозы, па-ранейшаму верны сябар і дарадчык.
Гэта пацвердзіла і чатырнаццатая міжнародная кніжная выстава ў нашай сталіцы, якая завяршылася ў мінулую нядзелю і сабрала рэкордную колькасць наведвальнікаў – 55 тысяч чалавек!
У рамках гэтай выставы прайшоў міжнародны сімпозіум літаратараў “Пісьменнік і час“, які сабраў творцаў з сямнаццаці краін свету. І тут размова вялася ў асноўным пра ролю і значэнне кнігі ў жыцці. На радзіме славутага ўсходнеславянскага друкара і асветніка Францыска Скарыны, які даў свайму народу пяцьсот год таму першую друкаваную кнігу на роднай мове, сучасныя творцы разважалі і дзяліліся сваімі думкамі пра сілу мастацкага слова.
Як заўважыў турэцкі пісьменнік Іскендар Пала, у каго слоўнікавы запас у тры тысячы слоў, у таго такі ж маштаб існаваня. А ў каго - трыццаць тысяч слоў, той пражывае найбагацейшае жыццё”. І багацце гэтае дае чалавеку мастацкая літаратура.
Пра ролю кнігі разважаў на форуме фінскі пісьменнік Ціма Парвела, літаратар з Італіі Карла Лукарэлі, першы сакратар Саюза пісьменнікаў Расіі Генадзь Іваноў.
І своеасаблівым працягам дыскусіі стала сама выстава. Тысячы людзей спыняліся ля стэндаў з кнігамі Вялікабрытаніі, якая была ганаровым госцем экспазіцыі, Германіі, Ізраіля, Расіі.
Парадавала, што і айчынныя творцы не засталіся па-за ўвагай. Аўтографы раздавалі пісьменнікі ля стэндаў выдавецтваў “Мастацкая літаратура“, “Выдавецкі Дом “Звязда”, “Беларуская энцыклапедыя” і іншых.
Безумоўна, цікавіцца і сябраць з кнігай важна не толькі ў час выстаў і конкурсаў. Таму, радуючыся падчас такіх мерапрыемстваў за тое, што людзі па-ранейшаму сябруюць з друкаваным словам, нельга не заўважыць і трывожныя тэндэнцыі спробаў выціснуць чытанне кніг з паўсядзённага ўжытку людзей, падмяняючы гэта іншымі заняткамі, і не толькі чытаннем з электронных носьбітаў.
Ці нярэдка вам, шаноўныя, даводзілася чуць ад розных людзей, што ім няма калі чытаць мастацкую літаратуру, што ў вольны час яны аддаюць перавагу іншым спосабам бавіць час.
Ці не таму мы становімся сведкамі, калі некаторыя зусім не маргінальныя асобы блытаюць Лермантава з Грыбаедавым, Чэхава з Дастаеўскім, Багдановіча з Купалам.
Шмат гаварылася апошнім часам пра ролю ўрокаў літаратуры ў сярэдняй школе. Добра, што стала патроху выпраўляцца сітуацыя, калі вучань не мог за нязначную колькасць гадзін проста нават пазнаёміцца, а не тое, што палюбіць лепшыя творы класічнай і сучаснай літаратуры.
Што ж, набыць самыя розныя прафесійныя навыкі, вывучыць складаныя матэматычныя формулы і нават зрабіць тэхнічныя вынаходствы, здаецца, можна і без мастацкай літаратуры, але вось спазнаць таямніцы чалавечых адносін, зразумець, што такое дабро і зло, адчуць, як пісала наша слухачка, юную гарэзлівую вясну ў душы, можна толькі, пасябраваўшы з добрай кнігай.
А што тычыцца нашага конкурсу, то мы спадзяёмся, менавіта на актыўны ўдзел у стварэнні віртуальнага свята кнігі для нашых сяброў з усяго свету.
Усяго найлепшага, да пабачэння!