
Прэзентацыя кнігі «Мая залатая Бенгалія» адбылася ў Нацыянальным гістарычным музеі; падзея выклікала цікавасць у літаратараў, прафесійных перакладчыкаў і прадстаўнікоў дыпламатычнага корпуса ў нашай краіне.
У кнізе прадстаўлены пераклад верша выбітнага паэта Рабіндраната Тагора на 50 мовах свету, у тым ліку беларускай, рускай, азербайджанскай, англійскай, кітайскай. Гэты паэтычны твор у 1970-я гады з’явіўся ў гонар атрымання Бангладэш незалежнасці, стаў яе гімнам.
Складальнікамі кнігі выступілі Міністр інфармацыі, член Саюза пісьменнікаў Беларусі Аляксандр Карлюкевіч і бангладэшскі перакладчык Музахідул Іслам.
Гэтая падзея выклікала ў мяне жаданне паразважаць не толькі пра ролю перакладу, але і пра значнасць узаемадзеяння нацыянальных літаратур, ролю ў гэтым працэсе беларускага мастацкага слова.
Вядома, літаратура з’яўляецца выразнікам думак і пачуццяў свайго народа, адлюстраваннем яго самабытнасці і непаўторнасці. Пераствараючы думкі і пачуцці іншых нацый і народнасцяў, мы ўзбагачаем свой кругагляд, адчуваем еднасць з усім светам.
Гэтаму служыць, у прыватнасці, адноўлены праз гады альманах “Далягляды”, выпуск якога распачало выдавецтва “Мастацкая літаратура”. Падмурак праекта быў закладзены ў 2013 годзе, калі выдавецкі дом “Звязда” выпусціў бібліятэку з 11 кніг “Созвучие сердец”, прадставіўшы ў кожным з тамоў розныя нацыянальныя літаратуры краін Садружнасці Незалежных Дзяржаў. Тады літаратурна-мастацкія “анталогіі дружбы” акрэслівалі злучанасць Беларусі літаратурнай з постсавецкай літаратурнай прасторай.
Галоўны рэдактар “Литературной газеты” паэт і празаік Максім Замшаў зусім нядаўна выступіў перакладчыкам на рускую мову легендарных “Санетаў” народнага песняра Беларусі Янкі Купалы. Дарэчы, гэта ж ажыццявіў і народны паэт Чувашыі Валерый Тургай – яго пераўвасабленне “Санетаў” на чувашскую мову з’яўляецца сведчаннем сталай увагі да спадчыны нашага класіка ў нацыянальных літаратурах Расіі.
Творчая дыпламатыя – адна з даўніх і добрых традыцый беларускай літаратуры.
Дарэчы, на традыцыйным свяце беларускага пісьменства ў Слоніме будуць прадстаўлены творы многіх нашых замежных сяброў. Адбудзецца круглы стол з удзелам гасцей з розных краін.
Сёння вельмі важна не замыкацца ў сваім асяроддзі, а наадварот, пашыраць абсягі беларускага мастацкага слова. Гэта, на мой погляд, вызначае не толькі шырыню поглядаў прадстаўнікоў нашай культуры, але і наогул служыць адной з прыкмет нашай нацыянальнай годнасці.
(Выкарыстаны ілюстрацыі рэсурса SB.BY – Выдавецкі дом «Беларусь сегодня»)