
Памятаю, першае пачуццё сораму, калі ў шасцігадовым узросце пабіўся з суседскім хлапчуком за веласіпед. Веласіпед быў ягоны, але мне так хацелася на ім пакатацца, што знайшоў прычыну, каб усчаць бойку і пераможна сесці на яго дзіцячы ровар. Ён заплакаў, і мая радасць ад перамогі неяк адразу паблякла. А потым мама доўга мяне ўсчувала, што нельга адбіраць чужое, тым больш сілай.
Увогуле, кожны з нас, напэўна, зведаў, што нешта рабіць не так – сорамна, што сярод людзей трэба сябе паводзіць па-людску.
Паглядзеў у слоўніку значэнне слова “сорам”. Гэта, аказваецца, пачуццё раскаяння ад усведамлення неправільнасці або ганебнасці ўчынку.
Чамусьці некаторыя сёння лічаць, што гэта толькі савецкія бацькі прывівалі пачуццё віны дзецям за ганебныя ўчынкі, і выраз “як табе не сорамна” належаў толькі так званым саўкам.
І вось сучасны інстаграм праводзіць флэшмоб “Увогуле не сорамна”. З такім хэштэгам у ім прыняло ўдзел некалькі тысяч чалавек. Як паведамляецца, гэта пераважная большасць жанчын.
І тут жа прыводзяцца прыклады адказаў: “мне зусім не сорамна, што я мацяруся. Прычым моцна, заўсёды і паўсюль”; ”мне зусім не сорамна за сваю неідэальнасць: я шмат лаюся матам, п’ю, спрачаюся ў інтэрнэце, выпендрываюся, пляткару, бываю эмацыйнай, злой і нястрыманай”...
Заўважу, што гэтыя адказы цытуюцца з сайта для дзяцей і мам, так што быццам аблягчэнне і для дзетак, і для мамуль. І ніякіх абмежаванняў. А сорам – далоў!
Што ж, гэта не нова. З “хімерамі сумлення” змагаліся ў розныя часы розныя рухі і вучэнні.
І справа тут далёка не толькі ў лексічным правапарадку. Каб толькі гэтым парушэннем правілаў паводзін абмяжоўвалася адсутнасць сораму. Але адмовіўшыся ад гэтага адчування, вельмі проста скаціцца да любога вычварэнцтва ці нават злачынства – нічога ж не сорамна!
Можна падманваць на кожным кроку – не сорамна. Можна здраджваць сябрам, паплечнікам – не сорамна. Можна біцца і зневажаць людзей – не сорамна.
Безумоўна, я крыху ўтрырую.
Але ж уся сусветная літаратура, пропаведзі святароў, запаветы бацькоў заўсёды апелявалі да пачуцця сораму, да адчування віны.
Памятаеце славутыя радкі рускага паэта Аляксандра Твардоўскага?
“Я знаю, никакой моей вины
В том, что другие не пришли с войны,
В то, что они – кто старше, кто моложе –
Остались там, и не о том же речь,
Что я их мог, но не сумел сберечь, –
Речь не о том, но все же, все же, все же...”
Пачуццё сораму, віны за здейсненыя і няздзейсненыя ўчынкі, робяць нас людзьмі, з высокай чалавечай мараллю.
Але імкненне перагледзець усе маральныя правілы, скіраваныя на страту гэтых маральных прынцыпаў, на паступовае здзічэнне людства, ператварэнне людской супольнасці ў натоўп індывідумаў, якія не прызнаюць ніякіх правілаў, ні ўвогуле адзін аднаго…
І мне чамусці за гэтае імкненне некаторых сучасных “прасунутых” сорамна.
А вам?