Падзяліцца:
Роздум. Цана славы. Радыёблог Навума Гальпяровіча (аўдыё)
6 ліпеня 2017
Роздум. Цана славы. Радыёблог Навума Гальпяровіча (аўдыё) Памятаеце героя славутай кінастужкі “Масква слязам не верыць“ слесара Гошу ў выкананні Аляксея Баталава. Дарэчы, гэтага папулярнага і любімага многімі пакаленнямі гледачоў артыста нядаўна праводзілі ў апошні шлях шматлікія прыхільнікі яго таленту. Дык вось, звычайны рабочы чалавек з залатымі рукамі майстра меў добрую славу і верных сяброў у адрозненне ад кар’ерыста і самазакаханага нарцыса, які пагарджаў людзьмі, ніжэйшага, па яго ўласным меркаванні, сацыяльнага статуса. Скажу, што ў сваім жыцці я не раз сустракаў людзей, падобных на героя Баталава – разумных, дасціпных, інтэлігентных, хоць не мелі яны высокіх пасад і званняў, былі па нашаму разуменню, “простымі рабацягамі“. Але добрая слава ішла за імі сярод розных людзей, і гэтая слава была цёплай і шчырай. Сёння, у наш век высокіх тэхналогій, развітага інтэрнэт-супольніцтва славу часта шукаюць людзі, для якіх яна – самамэта. Як кажуць, любой цаной, але прымусіць пра сябе гаварыць, звярнуць увагу. Як тут не згадаць гісторыю пра Герастрата. Ураджэнец горада Эфеса са славалюбства і каб абясмерціць сваё імя, спаліў у 600 годзе да нашай эры цудоўны храм Ацеміды Эфескай, які лічыўся ў старажытным свеце адным з сямі цудаў свету. Суд прыгаварыў яго да смерці. Яго імя стала сімвалам таго, як у пагоні за славай чалавек гатовы ісці нават на злачынства. Стагоддзі прайшлі, а нашчадкі Герастрата не перавяліся, на жаль. Садысты і серыйныя забойцы, проста подлыя і хцівыя людзі гатовыя дзеля славы і вядомасці ісці на самыя страшныя ўчынкі. Але гэта, як кажуць, крайнасці. Часцей мы сустракаемся з дробным, кажучы сучасным слэнгам, “тролінгам“, калі пэўныя асобы любымі шляхамі хочуць прымусіць шырокае кола людзей гаварыць пра сябе. Нядаўна увесь інтэрнэт абышла навіна, калі нічым не праявіўшы сябе раней малады блогер за кароткі час сабраў у публічным месцы тысячы прыхільнікаў. Не, ён не артыст або папулярны выканаўца, не славуты спартсмен ці выдатны вучоны, мастак, паэт... Проста хлопец, як кажуць у народзе, “выдурваўся“, не маючы на мэце нічога іншага, каб прыцягнуць да сябе ўвагу. Такой славай карыстаюцца сёння ў сеціве не так і мала людзей. Прычым, сродкамі яе дасягнення нярэдка служаць далёка не маральныя ўчынкі, а грубасць, хамства, мана… Не хачу прыводзіць канкрэтныя прыклады, каб міжволі не садзейнічаць папулярызацыі гэтых асоб, але ўвайдзіце ў інтэрнэт-прастору, адкрыйце старонкі некаторых СМІ ці націсніце на пэўныя кнопкі тэле і радыёпрыёмнікаў, і вы з гэтымі прыкладамі, безумоўна, сустрэнецеся. Слава многіх маіх сучаснікаў - Вадзіма Дзевятоўскага, Дар’і Домрачавай, Аляксандры Герасімені, Анатоля Ярмоленкі, Віктара Манаева, Аляксея Дударава, Адама Мальдзіса, Уладзіміра Пракапцова, Ігара Лучанка, Уладзіміра Мулявіна і многіх-многих іншых дасягалася карпатлівай працай, высокім талентам, любоўю да сваёй прафесіі і вернасцю роднай зямлі. І гэта сапраўдная і вартая цана, якая не падлягае ніякай дэвальвацыі.
Каб пакінуць каментар, аўтарызуйцеся: