Падзяліцца:
«Роздум. Ці трэба дапамагаць бацькам?” Радыёблог Навума Гальпяровіча (аўдыё)
7 сакавіка 2019
«Роздум. Ці трэба дапамагаць бацькам?” Радыёблог Навума Гальпяровіча (аўдыё) Самыя нечаканыя пытанні можна сёння прачытаць у інтэрнэце, адно з іх і выклікала мой сённяшні роздум. Яно гучыць прыблізна так: “Ці павінна я дапамагаць бацькам, якія нічога мне ў жыцці не далі?” І яшчэ адно выказванне ў каментарах пад гэтым пытаннем прывяду амаль даслоўна: “У наш час многія лічаць, што павінны менавіта бацькі дзецям, паколькі маму і тату не выбіраюць. А ў бацькоў заўсёды ёсць выбар: нараджаць дзіця ці не”… І гэта не толькі адзінкавыя дэкларацыі. Жыццё ўсё больш падкідвае прыкладаў, так бы мовіць, сучаснага погляду на ўзаемаадносіны бацькоў і дарослых дзяцей. Мае добрыя знаёмыя пераехалі з былой паўднёвай рэспублікі на радзіму маці ў Беларусь. Там яна адна выхоўвала траіх дзяцей. Цяпер дзеці ўжо дарослыя, у кожнага свая сям’я. Паколькі жанчына доўгі час не працавала, яна мае мінімальную пенсію. У яе ўзросце – безліч хвароб, патрэбны дарагія лекі. Безумоўна, на ўсё грошай не хапае. Адзін з сыноў нядаўна купіў новую машыну, знайшоў грошы на трохпакаёвую кватэру, другі – на заробках у Маскве, дачка з мужам узялі крэдыт на будаўніцтва загараднага дома. З маці нібыта не сварацца, ходзяць часам у госці, дужа шануюць прысмакі, якія яна гатуе, а вось спытаць, ці памагчы хоць якімі сродкамі маме на лекі, ніяк не здагадаюцца. Памятаю, мой бацька-інвалід заўсёды адкладваў са сваёй сціплай пенсіі дзесятку для прэстарэлай маці. І мы ўсе ведалі, што гэта святое – бабуле трэба дапамагаць. Яшчэ вяртаюся да першага паста ў сеціве. Памятаеце словы пра бацькоў, “якія нічога мне ў жыцці не далі”? Магу крыху паспрачацца. Па-першае, далі само жыццё. А хто апранаў, пачынаючы з пялюшак, трусікаў і калготак, хто купляў джынсы і курткі, хто падбіраў касцюм для выпускнога вечара ў школе, хто плаціў за садок? Я думаю, каб ісці ўжо зусім прагматычным шляхам, дык бацькі, нават самыя небагатыя, маглі б прад’явіць дзеткам даволі ўнушальны спіс затрат. Гэта калі не казаць пра маральны крытэрый. У традыцях нашага народа – павага і клопат пра сваіх бацькоў. Пра гэта нямала сказалі нашы паэты і пісьменнікі. Узяць, да прыкладу, твор Уладзіміра Караткевіча «Нямоглы бацька». У ім апавядаецца пра нялюдскі, жорсткі закон, які быццам існаваў у старажытнасці: нямоглых бацькоў адводзілі ў лес, дзе тыя гінулі. Але галоўны герой, Пятро, парушае гэта правіла, гэты закон. Ён завёз бацьку ў лес, але ноччу забраў зноў дамоў. I стары нямоглы бацька пасля сваімі парадамі выратаваў вёску ад голаду, ад Велікана. Калі людзі даведаліся, каму абавязаны сваім жыццём, яны адобрылі ўчынак Пятра. Апавяданне заканчваецца словамі: «Шануйце дабрыню, хай сабе слабую. Шануйце мудрасць, хай сабе нямоглую. Насіце на руках бацькоў». Вось па якім законе раіць жыць нам вядомы пісьменнік. Канечне, час змяніўся. Дзеці, вылятаючы з бацькоўскага гнязда, становяцца самастойнымі і незалежнымі. Часта спасылаюцца на досвед амерыканцаў ці іншых еўрапейскіх народаў. Але ўсё ж, думаецца, адказ на зададзенае аўтарам інтэрнэцкага допісу пытання трэба шукаць у сваёй душы. А на завяршэнне хачу працытаваць некалькі радкоў народнага паэта Беларусі Рыгора Барадуліна: Наведвайце бацькоў, пакуль яны жывыя. Пакуль дымяцца коміны — нагрэйцеся ў бацькоў. Пішыце ім часцей, спакоем ахінайце, Як ахіналі некалі яны ўсе вашы сны. Без бацькавых надзей, без ціхай ласкі маці, Куды б ані заехалі, вы будзеце адны. Дадаць тут што-небудзь цяжка.
Каб пакінуць каментар, аўтарызуйцеся: