Падзяліцца:
“Роздум. Ці зацвітуць вясной каштаны?” Радыёблог Навума Гальпяровіча (аўдыё)
13 Снежня 2018
“Роздум. Ці зацвітуць вясной каштаны?” Радыёблог Навума Гальпяровіча (аўдыё) Скажыце, хто з вас не любаваўся вясной на цвіценне каштанаў? Нібы свечачкі – белыя, ружовыя, яны запаўняюць прастору не толькі духмяным пахам, але сваёй светлай і ўрачыстай прыгажосцю. Каштанавыя алеі – упрыгожанні любога горада, імі ганарацца, пра іх складаюць вершы і песні, яны – як сімвал вечнай маладосці і кахання. А восенню, калі яны скідваюць на зямлю свае ядры, з якіх вылузваюцца клейкія карычневыя кругляшы, якія нагадваюць спелыя лясныя арэхі, я вельмі люблю іх збіраць. І гэтай восенню мы з унукам набралі іх цэлы кошык. Акрамя чыста эстэтычных якасцяў, каштаны валодаюць і лекавымі. У медыцынскай практыцы іх рэкамендуюць ад розных хвароб. Але ці заўважылі вы, што ў апошнія гады многія каштанавыя дрэвы пазасыхалі, іх ліце апала яшчэ ў чэрвені, і некаторыя гаспадарнікі паспяшаліся вырубаць цэлыя алеі. Як сведчаць спецыялісты, прычынай гэтага стала хвароба дрэў, звязаная з моллю. Лічынкі яе закладзены ў лістах, да дзесяці штук на кожны. І калі апалую лістоту не збіраць, яны будуць размнажацца. Іншыя сцвярджаюць, што віной гібелі каштанаў з’яўляюцца выкіды адпрацаваных машынных газаў, соль і хімікаты, якімі пасыпаюць вуліцы. Ва ўсялякім разе спецыялісты адзначаюць, што ў вёсках і маленькіх гарадах каштаны выглядаюць лепш, таму што там у іх імунітэт мацнейшы. Гэтае становішча выклікае трывогу не толькі ў спецыялістаў, але і аматараў прыроды, гараджан. Як паведамлялася ў прэсе, “зялёныя актывісты” не раз звярталіся да мясцовых уладаў. Гэта было, да прыкладу, у Гродна, дзе, як людзі сігналізавалі, мініруючай моллю заразіліся амаль усе дрэвы. На жаль, такую трывогу раздзяляюць не ўсе, ад каго залежыць зялёная гаспадарка гарадоў. Лягчэй, вядома, спіліць дрэвы, чым іх лячыць. А іх апаненты сцвярджаюць, што некампетэнтны догляд за дрэвамі – асноўная прычына, па якой хварэюць каштаны. Як сцвярджаюць спецыялісты аграхімічнай лабараторыі, найбольш эфектыўна змагацца са шкоднікамі вясной, калі ў дрэваў пачынаецца сокавыдзяленне. Важна не прапусціць момант. Калі апрыскаваць каштаны ў гэты перыяд хімічным рэчывам, вынік не прымусіць сябе чакаць. Я, безумоўна, не бяруся выносіць нейкі вердыкт. Тут патрэбны цесны кантакт вучоных і тых, хто адказвае за зялёную гаспадарку нашых гарадоў. Але вельмі хацелася б, каб папулярная некалі песня са словамі “зноўку цвітуць каштаны” не засталася толькі настальгічным напамінам пра цудоўную і гаючую прыгажосць гэтых любімых дрэў.
Каб пакінуць каментар, аўтарызуйцеся:
Войти как пользователь
Вы можете войти на сайт, если вы зарегистрированы на одном из этих сервисов: