Падзяліцца:
“Роздум. Ці знікае роля бібліятэк?” Радыёблог Навума Гальпяровіча (аўдыё)
27 Снежня 2019
“Роздум. Ці знікае роля бібліятэк?” Радыёблог Навума Гальпяровіча (аўдыё) Той, хто ўпершыню завітае ў нашу Нацыянальную бібліятэку, будзе прыемна здзіўлены не толькі знешнім арыгінальным выглядам будынка. Не зусім вяжуцца з уяўленнямі пра традыцыйную цішыню і шматлікія стэлажы кніг, што мы прывыклі бачыць у падобных установах з самага дзяцінства, шырокія галерэі, канцэртныя залы, карціны на сценах, шматлікія інсталяцыі, утульныя памяшканні для канферэнцый. І – шмат людзей, якія ходзяць, разглядаюць усё гэта – школьнікі з настаўнікамі на экскурсіі, замежныя турысты, студэнты. А ў прасторных холах – камп’ютары, дзе можна адразу выйсці ў інтэрнэт, знайсці неабходную даведку. А ці бачылі вы, як ажыццяўляюць падарожжы запатрабаваныя чытачамі кнігі?Прама з кнігасховішча яны плывуць у спецыльных кантэйнерах па канатнай дарозе і трапляюць у рукі бібліятэкару, які і прадастаўляе іх чытачу. Так, наша новае стагоддзе мяняе традыцыйныя ўяўленні пра многія з’явы і прадметы, у тым ліку на бібліятэкі. Сёння яны становяцца своеасаблівымі цэнтрамі культуры і грамадскага жыцця, месцам дзелавых сустрэч пісьменнікаў і выдаўцоў, мастакоў і музыкантаў, правядзення прэс-канферэнцый і мастацкіх выставак, іншых імпрэз. Гэта досыць важкі адказ скептыкам, якія сцвярджаюць, што традыцыйная кніга губляе прывабнасць, а бібліятэкі страчваюць сваю ролю і месца ў жыцці сучасніка. Такія паспешлівыя вывады прыводзілі ўжо да імкнення некаторых адміністратараў хутчэй зачыніць ці перапрафіляваць бібліятэкі. Нават наладжваліся абмеркаванні ў прэсе ці сацсетках з пытаннем, а ці патрэбны сённяшняму сучаснаму чалавеку падобныя ўстановы. Дзякуй Богу, працэс гэты ўдалося спыніць, і сёння бібліятэкі па-ранейшаму функцыянуюць і нічога іх існаванню не пагражае. Іншая справа, што сёння бібліятэчным работнікам даводзіцца шукаць новыя формы работы з чытачамі, адаптаваць сваю дзейнасць да сучасных умоў. Да прыкладу, з улікам развіцця сучасных тэхнічных магчымасцяў сёння многія кнігі пераводзяцца ў электронны лічбавы фармат, што прыцягвае да чытання больш маладое пакаленне. Ствараюцца і іншыя магчымасці, каб бібліятэка стала месцам, дзе можна цалкам скарыстацца магчымасцямі, якія сёння прадстаўляе глабальная камп’ютарызацыя. Але нічога не можа паўнавартасна замяніць традыцыйнага працэсу чытання, ролю папяровай кнігі. Ужо ў многіх краінах Еўропы моладзь ахвотней вяртаецца да традыцыйнай папяровай кнігі, атрымлівае асалоду ад чытання, бо кніга – гэта не толькі тэкст, гэта па-сапраўднаму твор мастацтва. Такія тэндэнцыя прадэманстраваў і сёлетні буйны міжнародны кніжны кірмаш у Франкфурце, пра што засведчылі і беларускія ўдзельнікі фэсту. Дарэчы, сімвалічна, што на прыканцы года айчынныя пісьменнікі, бібліятэкары, выдаўцы і кнігагандляры сабраліся ў той жа Нацыянальнай бібліятэцы на маштабную выстаўку выдадзенай у 2019-м годзе літаратуры, дзе адбылася зацікаўленая размова пра лёс айчыннай кнігі, ролю бібліятэк і іншых устаноў культуры ў яе распаўсюджванні. Такім чынам, відаць, не час спісваць кнігу і бібліятэку з прыярытэтаў жыцця грамадства, а наадварот – спрыяць далейшаму пашырэнню ролі і значэння гэтага неацэннага скарба цывілізацыі.
Каб пакінуць каментар, аўтарызуйцеся:
Войти как пользователь
Вы можете войти на сайт, если вы зарегистрированы на одном из этих сервисов: