Падзяліцца:
Роздум. У бязмежжы мастацкага слова. Радыёблог Навума Гальпяровіча (аўдыё)
9 сакавіка 2017
Роздум. У бязмежжы мастацкага слова. Радыёблог Навума Гальпяровіча (аўдыё) У нашым вірлівым мітуслівым часе не часта, на жаль, знаходзіцца месца для лірычнага верша, добрай кнігі. Магчыма, таму першыя дні вясны нам нагадваюць, што, як гаворыцца, не хлебам адзіным жыве чалавек, што вакол шмат прыгажосці, якая выклікае светлыя і чыстыя пачуцці. І хочацца чытаць вершы, ды і самому складаць шчырыя і ўзнёслыя паэтычныя радкі. І не толькі на восьмае сакавіка, якое толькі што прайшло. Можа, менавіта таму першы веснавы месяц заклікае да ўвагі і да роднай мовы, і да чытання любімых кніг. Сусветны дзень чытання ўголас выпаў як раз на гэтыя дні. Ён праводзіцца на планеце з 2010 года па ініцыятыве кампаніі LitWorld. Яго мэта – паказаць чытанне як спосаб узаемадзеяння з навакольным светам і як магчымасць перадаць свае эмоцыі іншаму. Сусветны дзень чытання ўголас цяпер святкуе больш за мільён чалавек у васьмідзесяці краінах. Прыемна, што на такую ініцыятыву адгукнуліся і беларусы. Мне давялося пабываць на мерапрыемстве з гэтай нагоды ў сталічным педагагічным універсітэце імя Максіма Танка. Студэнты і выкладчыкі (а ў марафоне ўдзельнічала амаль чатырыста чалавек) прачыталі творы беларускіх, рускіх, украінскіх, польскіх, англійскіх, нямецкіх, кітайскіх, азербайджанскіх, туркменскіх, узбекскіх пісьменнікаў. Самымі юнымі ўдзельнікамі сталі Мілана Дварэцкая і Дзіма Чарняўскі з ясляў-сада №35 горада Мінска. Іх гледачы сустракалі асабліва цёпла, а арганізатары ўручылі ім памятныя падарункі. Паэтычныя радкі гучалі на працягу амаль пяці гадзін, і да акцыі дзякуючы анлайн –трансляцыі ў інтэрнэце змаглі далучыцца шматлікія аматары слова не толькі з навучальнай установы. Вяртаючыся да таго, што казаў у пачатку, зазначу: сёння многія ў нашым грамадстве адзначаюць неабходнасць не страціць увагі і пашаны да мастацкага слова, да чытання ўвогуле. Не сакрэт, што чытаць мастацкую літаратуру сталі менш, асабліва дзеці. Тэлевізар, планшэты, гаджэты, іншыя дасягненні сучаснай цывілізацыі амаль цалкам занялі вольны час, які выкарыстоўваўся ў нас на чытанне кніг. Ды і на школьных уроках літаратуры не так часта, як раней, гучаць напамяць вершы ў выкананні вучняў. Я ж да гэтага часу магу чытаць уголас любімыя вершы Пушкіна, Багдановіча, Купалы, вывучаныя ў школьныя гады. Сёння далёка не ўсе разумеюць, наколькі сур’ёзна чытанне ўплывае на развіццё маладога чалавека. Вучоныя, якія займаюцца даследаваннямі галаўнога мозгу людзей, высветлілі: чытанне актывізуе яго разумовую дзейнасць. Чытанне стымулюе развіццё памяці, логіку, здольнасць да аналізу. І чалавек, які сябруе з кнігай, вылучаецца не толькі сваёй эрудыцыяй, а збалансаванай і гарманічнай жыццёвай пазіцыяй. А калі гаварыць пра гармонію ў сям’і, пра адносіны бацькоў і дзяцей, то што можа лепш паўплываць на гэта, чым сумеснае чытанне з самага юнага ўзросту гадаванцаў. Вучоныя раяць - да дванаццаці год бацькі разам з дзецьмі штодня павінны чытаць уголас любімыя кнігі. Вяртаючыся да імпрэзы ў Мінску, скажу, што адчуў, наколькі яшчэ запатрабавана паэтычнае слова, як хораша і ярка гучыць яно з вуснаў самых розных людзей, якія б маглі ўслед за нашым беларускім паэтам Леанідам Галубовічам паўтарыць для сябе: Ты — боль, паэзія. Ты — бой. Ты — праўды непрыступнай вежа. Я — праведнік і грэшнік твой, Пусці мяне ў сваё бязмежжа!.. І яна гатовая пусціць кожнага з нас у сваё бязмежжа, адкрыць запаветныя закуткі высокага пачуцця і глыбокага замілавання.
Каб пакінуць каментар, аўтарызуйцеся: