Падзяліцца:
“Роздум. У лучнасці літаратур свету”. Радыёблог Навума Гальпяровіча (аўдыё)
10 верасня 2019
“Роздум. У лучнасці літаратур свету”. Радыёблог Навума Гальпяровіча (аўдыё) Беларуская кніга становіцца ўсё больш вядомай у свеце - гэта засведчыў і прадстаўнічы маскоўскі кніжны кірмаш, які завяршыўся днямі ў сталіцы Расійскай Федэрацыі. У ім прынялі ўдзел выдаўцы і пісьменнікі больш як з пяцідзесяці краін свету, а Беларусь была прадстаўлена ў якасці ганаровага госця. На працягу пяці дзён прайшло нямала цікавых мерапрыемстваў па самых розных напрамках выдавецкай дзейнасці, аўтарскія аўтограф-сесіі пісьменнікаў. Да кірмашу было прымеркаванае таксама адкрыццё Першага міжнароднага кангрэса перакладчыкаў. У ім прынялі ўдзел звыш сямідзесяці перакладчыкаў з 25 краін свету. Нашым перакладчыкам было што расказаць. Да прыкладу, у выдавецтве “Мастацкая літаратура” выйшаў адноўлены выпуск альманаха “Далягляды”, у якім прадстаўлены літаратуры ЗША, Кітая, Францыі, Германіі, Італіі, Польшчы, Ізраіля, Сербіі, Бангладэш, Украіны, Расіі, іншых краін. Тут таксама выходзіць адмысловая серыя “Светлыя знакі: Паэты Кітая”, пабачылі свет дзве аўтарскія анталогіі перакладаў з кітайскай паэзіі, якія ажыццявіў паэт Мікола Мятліцкі. Толькі за апошнія тры гады ў адным Выдавецкім доме «Звязда» выйшла некалькі кніг кітайскіх аўтараў: анталогія паэзіі «Пад крыламі Дракона: Сто паэтаў Кітая», зборнік паэзіі і прозы «Стагоддзе на знаёмства», кнігі ў серыі «Светлыя знакі. Паэты Кітая», зборнік публіцыстыкі «Беларусь вачыма кітайцаў». Дзесяткі кніг з перакладамі твораў класічнай і сучаснай замежнай літаратуры выйшлі ў іншых выдавецтвах краіны, у тым ліку прыватных. Я чаму так падрабязна спыніўся на перакладах? Менавіта такія кніжныя кірмашы спрыяюць кантактам пісьменнікаў розных краін, у выніку якіх з’яўляюцца новыя праекты, адбываецца паглыбленае знаёмства з творчасцю калег. Дарэчы, у Маскве ў розны час выходзіла нямала твораў нашых пісьменнікаў у перакладзе на рускую мову. Варта толькі нагадаць, што ўпершыню вядомая аповесць Васіля Быкава “Сотнікаў “выйшла ў часопісе “Новы мір” у аўтарскім перакладзе, а назва твора падказана галоўным рэдактарам гэтага часопіса Аляксандрам Твардоўскім. У маскоўскіх выдавецтвах выходзілі пераклады кніг Аркадзя Куляшова, Максіма Танка, Петруся Броўкі, а ягоны зборнік паэзіі ў перакладзе на рускую мову Якавым Хялемскім быў удастоены Ленінскай прэміі – вышэйшай літаратурнай прэміі Савецкага Саюза. Думаецца, што прайшоўшы Маскоўскі кніжны кірмаш паспрыяе далейшаму пашырэнню кантактаў выдаўцоў і творцаў і паглыбленню знаёмства сусветнага чытача з лепшымі ўзорамі айчыннай літаратуры.
Каб пакінуць каментар, аўтарызуйцеся: