
І ўсё-такі наш Мінск прыгожы горад! Асабліва ў гэтыя майскія дні, калі першая веснавая зеляніна літаральна буяе вакол, калі паветра напоўнена водарам бэзу і чаромхі, калі цёплае сонца лашчыць плечы і твар…
Вясна ў горадзе зрабіла вуліцы шматлюднымі. І мінчане, і госці горада, любуючыся яго прыгажосцю, шпацыруюць сем’ямі, з малымі дзецьмі, па праспектах і скверах, наведваюць летнія адкрытыя кафэшкі, слухаюць выступы вулічных музыкантаў.
Як паведамляе прэса, з пятага мая адразу на чатырох пляцоўках Верхняга горада адкрыўся сезон вулічнай музыкі. Цяпер кожную суботу тут можна будзе паслухаць музыкаў і нават самому паўдзельнічаць у імправізаваных шоў.
Гэта новы праект «Пешаходка», які ўзнік па ініцыятыве Мінгарвыканкама, і які ператварае пляцоўку каля гарадской ратушы ў вабны куток вулічнай культуры. Бо тут можна не толькі паслухаць музыку, але і набыць цікавыя сувеніры, вырабленыя рукамі народных майстроў, пракаціцца на старажытнай карэце, прыняць удзел у розных гульнях і атракцыёнах.
Што ж, гэта робіць нашу сталіцу сапраўды еўрапейскім горадам са сваім гістарычным цэнтрам, дзе ў час адпачынку можна атрымаць цікавую і карысную інфармацыю.
Увогуле, можна заўважыць, як у нас ідзе станаўленне вулічнай культуры, і, такім чынам, клапоцячыся пра змястоўны і цікавы адпачынак сваіх грамадзян, мы ствараем прывабныя ўмовы для прытоку турыстаў з іншых краін. Бо не толькі гістарычныя помнікі і музеі, аграсядзібы і багатую прыроду мы можам паказаць гасцям, а даць магчымасць прагуляцца па вуліцах нашых гарадоў, адпачыць у вірлівым патоку гарадскога жыцця.
Прычым, у гэтым сэнсе турыстаў могуць прыцягваць не толькі Мінск, а і Віцебск, Гродна, Полацк, іншыя нашы вялікія і малыя гарады. Толькі нам самім яшчэ нямала трэба зрабіць, каб гэтая культура паводзін на нашых вуліцах была на належным узроўні.
І хоць нашы госці адзначаюць чысціню на вуліцах, прайдзіцеся зранку па праспектах, парках, бульварах. Любы дворнік пацвердзіць, што глядзець на такое відовішча досыць вусцішна. У народзе кажуць «нібы Мамай прайшоў»: перакуленыя сметніцы, раскіданыя абгорткі, рэшткі ежы, бляшанкі, бутэлькі.
І цэлыя брыгады людзей у аранжавых куртках як у атаку ідуць на гэтыя створаныя за вечар і ноч смеццевыя рэдуты. А вакол гуляюць сабакары, як называў Васіль Быкаў уладальнікаў чацвяраногіх сяброў, са сваім любімцамі, якія ў іх і без наморднікаў, і часам, нават не на павадку, не зважаючы на тое, як цюцікі шчодра пакідаюць прадукты сваёй жыццядзейнасці проста на клумбах, на траве і нават на пешаходных дарожках.
І яшчэ пра адну праблему, пра якую колькі не гавораць, а зладзіць нармальныя ўзаемадачыненні паміж пешаходамі і веласіпедыстамі ніяк не ўдаецца. Нягледзячы на разметкі, носяцца наезднікі на дзвюх колах вакол тых, хто ідзе па тратуары, ствараючы нервовую абстаноўку для прахожых, бо як можна прадугадаць, куды паверне руль гэтакі ліхач, ці не саб’е знянацку.
Я ўзгадваю, як я любаваўся ў Капенгагіне на стройныя рады веласіпедыстаў, якія рухаліся па спецыяльных палосах, ніколькі не перашкаджаючы транспарту і пешаходам. Гэткую карціну бачыў і ў Пекіне. А ў нас…
І ДАІ, і іншыя службы стараюцца неяк упарадкаваць гэты працэс: ствараюцца велапаркі, робяцца веладарожкі з разметкамі, удасканальваюцца правілы, але пакуль пешаходы і веласіпедысты адчуваюць у людных месцах сапраўдны дыскамфорт, што ператвараецца часам у нежартоўныя разборкі.
Калі няма ўнутранай культуры паводзін чалавека ў соцыюме, цяжка наводзіць парадак адміністрацыйнымі мерамі.
А ўсёткі наш горад цудоўны і прыгожы! І гэтай яркай вясной, ды і ў іншыя поры года.
Толькі нам самім трэба імкнуцца адпавядаць гэтай прыгажосці родных мясцін, не псаваць дробязнымі недахопамі агульную карціну.