Падзяліцца:
«Роздум. У віртуальным жыцці». Радыёблог Навума Гальпяровіча (аўдыё)
15 сакавіка 2018
«Роздум. У віртуальным жыцці». Радыёблог Навума Гальпяровіча (аўдыё) Што такое сапраўдны сябар, мне давялося пераконвацца перш за ўсё ў часы, калі сустракаліся сур’ёзныя праблемы ці страты; нездарма ў народзе кажуць, што сапраўдны сябра пазнаецца, калі ў цябе бяда. Мне шанцавала на сяброў, хоць і было іх не так і шмат, але шмат сяброў і не бывае, хаця знаёмых і прыяцеляў можа быць мора. Таму з нейкім дзіўным пачуццём, адкрываючы старонку ў інтэрнэце, сустракаю амаль кожны дзень запыты на сяброўства. Прычым, як правіла, гэта робяць людзі не толькі не знаёмыя, але і ўвогуле нават тэарэтычна не маючыя ніякіх адносін да майго жыцця ні па поглядах, ні па інтарэсах, ні па чыста эстэтычных крытэрыях. Затое некаторыя мае інтэрнэцкія, баюся сказаць, сябры, хутчэй, блізкія суразмоўцы, хваляцца колькасцю сваіх віртуальных сяброў. У некаторых у сябрах ходзяць тысячы. Сяброўства, між тым, ва ўсе часы лічылася вельмі адказнай і высакароднай місіяй, саступаючы па эмацыйнаму накалу і прывязанасці хіба толькі вернаму і беззапаветнаму каханню. Пра такое сяброўства напісаны кнігі, зняты кінафільмы, пра яго складалі песні і балады. Новыя рэаліі ператвараюць гэтае паняцце ў новую якасць. Гэта як гідрапонныя памідоры, вырашчаныя не на глебе, нават цяплічнай: па выгляду нібы і тамат, а па густу… Затое ў інтэрнэце сябры, якія ніколі не бачылі адзін аднаго і хутчэй за ўсё ніколі не ўбачаць, разліваюцца ў кампліментах або ў процілеглых ацэнках, дзеляцца фотаздымкамі любімых кошачак і сабачак, а то і больш інтымнымі здымкамі і думкамі. Можна, канечне, зразумець людзей адзінокіх, пазбаўленых магчымасцяў іншых стасункаў у штодзённым віры падзей і сустрэч. Для іх такія кантакты – адзіны спосаб самавыражэння, пошуку спагады і спачування. Выдатнейшае вынаходства чалавецтва дало магчымасць стварыць небывалую раней прастору, цэлае віртуальнае жыццё. І ў гэтым жыцці віруюць невыдуманыя жарсці: і каханне, і вера, і здрада, і крыўда. Усё, як у рэальным жыцці, а на самой справе – нібыта тыя гідрапонныя памідоры. Навошта Пушкін і Талстой, Купала і Багдановіч, калі бездапаможныя графаманскія радкі аднаго віртуальнага сябра другі аб’яўляе геніяльнымі, калі дробны зайздроснік і няўдачнік на ўсю прастору зневажае паважаных і сумленных людзей, калі на геніяў і куміраў мільёнаў навешваюцца ярлыкі, калі брудныя плёткі і гідкая лаянка суправаджае “пасты” такіх так званых “сяброў” кожны дзень. Гэтае, бывае, прыводзіць нават не віртуальных, а зусім рэальных трагедый і пакут. У гэтым віртуальным жыцці зневажаюцца часам цэлыя народы, высокія пачуцці, падвяргаюцца рэвізіі звычайныя чалавечыя каштоўнасці. Адна карысць – усё гэта дазваляе бачыць тое, што хаваецца пад маскай прыстойнасці часам у натуральным жыцці, бачыць тое, што творыцца ў душах і вылязае з-пад масак некаторых асоб. Гэта можна назваць нават своеасаблівым чысцілішчам, бо людзі не на публічным аглядзе, а на віртуальнай прасторы прыадкрываюць завесу таго існага, што маюць. Дык што рабіць: не чытаць, не заходзіць, “баніць”, кажучы сучасным слэнгам, тых, хто не падабаецца? Кожны павінен рабіць свой выбар сам. Галоўнае, каб віртуальнае жыццё, віртуальныя каштоўнасці не падмянялі сапраўднае, каб паняцці сяброўства, вернасці, кахання, сумленнасці і людскасці не сталі дробнай мішурой, якую можна адным рухам камп’ютарнай мышкі адправіць у бездань віртуальнага свету.
Каб пакінуць каментар, аўтарызуйцеся: