
Якія толькі мовы ні гучалі ў той вечар у сталічным Доме дружбы, і гэта натуральна, бо галоўнае прызначэнне ўстановы ў яе назве – яднаць людзей розных нацыянальнасцяў, садзейнічаць сяброўству народаў і дзяржаў.
Трэба было бачыць, з якой увагай і замілаваннем слухаў Пасол Арменіі ў Беларусі Армен Гевандзян, як чытала верш Аванэса Туманяна на армянскай мове жыхарка Беларусі Ліза Айрапецян.
А дэкан архітэктурнага факультэта БНТУ Армен Сардараў зрабіў параўнальны аналіз творчасці армянскага паэта і нашага Янкі Купалы.
Вечарына была прысвечана стапяцідзесяцігоддзю выдатнага сына армянскага народа, якога сучаснікі называюць “паэтам усіх армян”.
Яшчэ ў далёкім 1919 годзе ціфліская газета “Ашхатавор” пісала: “Калі вы хочаце спазнаць армянскі народ, спазнайце Аванэса Туманяна”.
Жывучы не на радзіме, у Тбілісі, Туманян зрабіў усё, каб выявіць і даказаць свае карані. Туманян любіў родную мову, свой родны край і людзей, з якімі ўзрос, сваю Ларыйскую цясніну.
Паэт быў настолькі любімы народам, што, па сведках сучаснікаў, нават многія людзі гатовы былі назваць яго сваім правадыром.
Да яго звярталіся ўсе з просьбамі і з жаданнем атрымаць параду, яму верылі, на яго спадзяваліся.
І тут варта звярнуцца да выступлення на вечарыне Армена Сардарава, які параўнаў постаці Туманяна і нашага Янкі Купалы.
Іх лёс, іх творчасць вельмі падобныя. Дарэчы, Туманян і Янка Купала ў адзін час знаходзіліся ў Санкт-Пецярбургу, хоць і не маглі сустрэцца: Туманян сядзеў пад следствам у царскім астрозе.
Але ў іх быў агульны знаёмы – рускі паэт Валерый Брусаў, які пераклаў лепшыя творы Аванэса Туманяна, імкнуўся звярнуць увагу сусветнай грамадскасці на трагічныя старонкі армянскай гісторыі. Брусаў таксама сябраваў з Купалам і таксама перакладаў яго вершы. Такім чынам, і тут творчасць нашага класіка і армянскага паэта перапляліся ў адным вянку паэтычнага сяброўства.
Дарэчы, ганаровым госцем Арменіі Янка Купала стаў ў 1939 годзе, падчас урачыстасцяў, прысвечаных 1000-годдзю армянскага эпасу «Давід Сасунскій». Менавіта ў Ерэване Янка Купала даведаўся пра ўз’яднанне беларускіх зямель і гэтай падзеі прысвяціў цыкл «На заходнебеларускія матывы», усе вершы якога маюць пазнаку месца напісання «Ерэван — Мінск».
Там, у Ерэване, ён сказаў і цёплыя словы пра славутага класіка армянскай літаратуры.
Што ж, як бачыце, колькі агульнага і прывабнага ў гісторыі нашых народаў, літаратур і культуры.
І хоць мерапрыемства ў Доме дружбе было прысвечана “паэту ўсіх армян”, яно было і пра нашу Беларусь, адкрытую і сяброўскую да ўсіх народаў, спагадную і мудрую нашу зямлю.