Падзяліцца:
«Роздум. Вернасць». Радыёблог Навума Гальпяровіча (аўдыё)
11 Ліпеня 2019
«Роздум. Вернасць». Радыёблог Навума Гальпяровіча (аўдыё) Калі мамы не стала, бацька застаўся ў хаце адзін. Дакладней, не зусім адзін: у кватэры засталася жыць маміна сястра, якую, хворую, мама прытуліла ў нас, ды так яна засталася жыць з намі надоўга; але ўсё роўна адзін, бо яго сіроцтва не мог яму замяніць ніхто. Памятаю, прыехаў ён да нас у госці ў наваполацкую кватэру з суседняга Полацка. Пасядзеў, пагушкаў на каленях унучку і заспяшаўся дадому. Я, праводзячы яго на аўтобусны прыпынак, пачаў усчуваць: «Куды ты, маўляў, спяшаешся, хто цябе там дома чакае, пабыў бы ў нас даўжэй...» Ён спыніўся, махнуў сваёй адзінай здаровай пасля фронту рукой, хрыпла прамовіў: «Нічога ты не разумееш!» І заплакаў. Мама мая памёрла, калі бацьку ўжо было за семдзесят. Памірала яна доўга, пакутна, прыкаваная спачатку інфарктам – потым інсультам – да ложка, каля якога дзень і ноч адзінай бяссменнай сідзелкай быў мой аднарукі сівы бацька. Ён штодня варыў есці і карміў яе з лыжачкі, перасцілаў ложак, мыў і пераварочваў яе, бегаў па крамах і аптэках… Суседзі і мы, дзеці, дзівіліся, як у яго хапала сіл на ўсё гэта, бо быў ён далёка не асілак і акрамя страты рукі на фронце меў безліч іншых балячак. Не сказаць, каб да мамінай хваробы ў іх з бацькам адносінах панавала поўная ідылія: здараліся і спрэчкі. Мне нават часам здавалася, што той цёплай атмасферы, таго замілавання, той лагоды, якая, на мой погляд, павінна была б быць паміж закаханымі мужам і жонкай, не было. Але вось з мамай здарыўся першы інфаркт, затым інсульт, і бацька ўвесь час аддаваў хворай. І яна глядзела на яго ціха і бездапаможна, як дзіця, часта брала яго за здаровую моцную руку і яны так сядзелі гадзінамі. Так яна і згасла, трымаючы яго руку як апошняе развітанне з ім і са светам. Як мы вытрымалі тое пахаванне я амаль не памятаю. Усе клопаты пра могілкі, жалобны стол, іншыя адпаведныя працэдуры ўзяў на сябе. Бацька ж не адыходзіў ад труны. Маленькі, схуднелы, ён трымаўся за драўляны край сваёй адзінай, таму магутнай рабочай рукой, якая не страціла сілы ў мышцы і кулаку. І раз-пораз ён незаўважна гладзіў маміну худзенькую, зморшчаную і ўжо халодную далонь. Не, ён не плакаў, але плакалі іншыя, гледзячы на яго. «Божа, – думаў я, – што разумеем мы ў каханні, што значаць усе кніжкі і паэмы ў параўнанні з гэтай маўклівай вернасцю, гэтай адданасцю?» Я і сёння гатовы ўстаць на калені перад маім сівым бацькам, які не ўмеў гаварыць прыгожых высокіх слоў, але так моцна мог кахаць і любіць. Ён пражыў пасля мамінай смерці пятнаццаць гадоў. Клапоцячыся пра дзяцей і ўнукаў. Адзін. Аж пакуль не прымусіла яго, зусім слабога, пераехаць да сябе мая малодшая сястра. Дык пра што гэта я? Давайце, сябры, памятаць і берагчы сваіх бацькоў і вучыцца ў іх той ціхай і трывалай вернасці, якая мацнейшая за ўсё на нашай грэшнай зямлі!
Каб пакінуць каментар, аўтарызуйцеся:
Войти как пользователь
Вы можете войти на сайт, если вы зарегистрированы на одном из этих сервисов: