Падзяліцца:
9 лютага 2017
Ёсць у Верхнядзвінскім раёне вёска Валынцы, цяпер аграгарадок. Аднойчы звярнуўся да мяне настаўнік мясцовай школы Барыс Піліпавіч Шымук з ініцыятывай расказаць па радыё пра славутага ўраджэнца гэтых мясцін. Праз карпатлівы пошук у архівах, бібліятэках і навуковых установах ён сабраў дэталёвы, багата ілюстраваны матэрыял аб жыцці і навуковых адкрыццях выдатнага земляка, вучонага і даследчыка Івана Дзяменцьевіча Чэрскага. Дзякуючы намаганням энтузіяста пры падтрымцы грамадскасці, у тым ліку прэсы, у вёсцы быў створаны музей Чэрскага. Здавалася б, колькі кіламетраў аддзяляе беларускую вёску ад расійскага Забайкалля, але імя беларуса там увекавечана ў назве горнага хрыбта працягласцю 650 кіламетраў. Яго імем названы 10 геаграфічных пунктаў, якія знаходзяцца ў Паўночна-Усходняй Сібіры, два віды выкапнёвых жывёл, вуліцы шэрагу гарадоў, Іркуцкае таварыства беларускай культуры... А між тым, Чэрскі нарадзіўся ў Беларусі ў сям'і мясцовага шляхціца, атрымаў адукацыю ў Віленскай гімназіі, удзельнічаў у паўстанні 1863 года, за што быў высланы ў Сібір. Менавіта там заняўся геаграфіяй і геалогіяй і дасягнуў выдатных поспехаў, увекавечыўшы сваё імя не толькі на расійскіх прасторах. Дык вось, пра Чэрскага я ўзгадаў, калі ўгэтыя дні грамадскасць шырока адзначае імя яшчэ аднаго нашага знакамітага земляка Тадэвуша Касцюшкі. Ён нарадзіўся ў лютым 1746 года ў сям'і беларускага шляхціца, фамільны маёнтак якога знаходзіўся ў вёсцы Сяхновічы Кобрынскага павета (цяпер у Жабінкаўскім раёне). Ён шмат зрабіў на Радзіме, але найбольш за яе межамі. Сем гадоў ён змагаўся ў шэрагах амэрыканскай арміі, дзе атрымаў званне генерала і быў узнагароджаны самым высокім ордэнам Злучаных Штатаў - ордэнам Цынцыната. Перамога ў бітве пад Саратогай у 1777 годзе ў многім была заслугаю Касцюшкі. Рэзідэнцыя Касцюшкі 1796 года ў Філадэльфіі зараз з'яўляецца Нацыянальным мемарыялам Тадэвуша Касцюшкі. Апроч таго, музей Касцюшкі размешчаны ў яго апошнім месцы жыхарства ў Залатурне, Швейцарыя. У 1925 годзе было створана польска-амерыканскае культурнае агенцтва, Фонд Касцюшкі, са штаб-кватэрай у Нью-Ёрку. У 2002 годзе Брэсцкі аблвыканкам прыняў рашэнне аднавіць разбураную ў гады Другой Сусветнай вайны сядзібу Касцюшкі ў Мерачоўшчыне. Цяпер у родным доме Касцюшкі - музей. Я мог бы назваць яшчэ з добры тузін славутых сусветных імёнаў людзей, якія нарадзіліся і выраслі на нашай зямлі. Гэта і Ігнат Дамейка, і Адам Міцкевіч, і Марк Шагал, і Шымон Перас, і Айзек Азімаў, ды пералік усіх з іх званнямі і заслугамі заняў бы значна большы час. Доўгія гады мы часам сароміліся, а часам і агрэсіўна адмаўляліся прызнаваць некаторыя з гэтых імёнаў у нашай беларускай гісторыі, хаця кожны народ свята ўшаноўвае і ганарыцца тымі, хто нарадзіўся і ўзрос на іх зямлі. На шчасце, такое стаўленне мяняецца. Пра гэта сведчыць і тое, як краіна рыхтуецца адзначаць 500-годдзе беларускага і ўсходнеславянскага кнігадрукавання, пачатак якому паклаў палачанін Францыск Скарына, як праходзіць Міжнародная кніжная выстава, куды з’ехаліся пісьменнікі і выдаўцы з самых розных краін свету. Пра вяртанне ў народную памяць славутых імёнаў Бацькаўшчыны, каштоўных рарытэтаў, якія захоўваюцца па ўсім свеце ішла гаворка на прэс-канферэнцыі, прысвечанай 30-годдзю беларускага фонда культуры. І не абавязкова, каб любіць Беларусь нашу мілую, як спяваецца ў песні, трэба ў розных краях пабываць. Пабываць у розных краях, безумоўна, не шкодзіць, але і дома, узгадаўшы славутыя імёны землякоў, дакрануўшыся да ўласнай гісторыі, можна і варта яшчэ больш палюбіць нашу родную зямлю!
Каб пакінуць каментар, аўтарызуйцеся: