
Падзеі нашага часу, нібыта ў хуткасным ліфце, змяняюць адна адну, але тут жа, на нашых вачах, становяцца не музейнай экспазіцыяй або старонкай старадруку, але падзеяй, таксама непарыўна звязанай з даўніной.
1994 год… Першы набор на гістарычны факультэт Полацкага дзяржаўнага ўніверсітэта… Менавіта ўніверсітэта, якім з верасня 1993 года стаў называцца Наваполацкі палітэхнічны інстытут, дзякуючы намаганням былога рэктара, сёння ганаровага грамадзяніна Полацка Эрнста Міхайлавіча Бабенкі.
Нямала тады давялося яму і калегам даказваць розным міністэрскім чыноўнікам, што ў юным прамысловым горадзе, у навучальнай установе, дзе рыхтавалі будаўнікоў, хімікаў, тэхнолагаў, варта адкрыць гуманітарныя факультэты і павысіць статус навучальнай установы, бо менавіта ў Полацку ў 1812 годзе на базе былога езуіцкага калегіюма быў створаны Полацкі ўніверсітэт, першая вышэйшая навучальная ўстанова на тэрыторыі сучаснай Беларусі.
Гэтае слова “першы”, я сёння буду часта ўжываць на працягу нашай размовы.
Дык вось, першы набор гісторыкаў. Я добра памятаю аднакурснікаў майго сына, сярод якіх быў танклявы высокі юнак у вялікіх акулярах Дзяніс, сціплы, нават крыху сарамлівы.
Сёння прафесар, доктар навук Дзяніс Уладзіміравіч Дук не толькі прарэктар роднай навучальнай установы, ён выдатны даследчык, аўтар больш чым сотні навуковых і навукова-метадычных публікацый, шэрагу вучэбных дапаможнікаў і манаграфій.
Менавіта пад яго кіраўніцтвам на старажытнай полацкай зямлі прайшлі археалагічныя раскопкі, менавіта ён стаў ініцыятарам стварэння пастаянна дзеючай археалагічнай экспедыцыі ў Полацку. У выніку ягоных археалагічных даследаванняў былі адкрыты і ўнесены ў спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь унікальныя ў сусветным маштабе помнікі археалогіі.
Менавіта ў выніку даследаванняў Дзяніса Дука і яго паплечнікаў было зроблена адкрыццё, што паселішча людзей на месцы полацкага гарадзішча існавала ў сёмым стагоддзі, што значна старэй, чым меркавалася да гэтага, бо летавылічэнне Полацка прынята пачынаць з 862 года, гэта значыць – на два стагоддзі пазней.
Так сталася, што да ўсведамлення ўласнай гісторыі мы прыйшлі не адразу. У мае школьныя гады, прынамсі, пра гісторыю роднага горада мы ведалі надзвычай мала і ў падручніках пра яе амаль нічога нельга было знайсці. Сёння ж, як сведчыць загадчыца цэнтра археалогіі і старажытнай гісторыі Інстытута гісторыі Нацыянальнай акадэміі навук Вольга Ляўко, праведзеныя даследаванні паказалі, што беларуская дзяржаўнасць пачала фарміравацца з сярэдзіны 9-га стагоддзя – са стварэннем Полацкай зямлі. Станаўленне Полацка ў якасці цэнтра гэтага дзяржаўнага ўтварэння ажыццяўлялася на мясцовай аснове, у той час, як у Ноўгарадзе і Кіеве для гэтага запрашалі варагаў. І далей полацкія землі, уваходзячы ў склад Вялікага княства Літоўскага і Рэчы Паспалітай развіваліся аўтаномна.
Пра гэта яна расказала падчас нядаўняй сустрэчы з кіраўніком нашай дзяржавы, які адзначыў, што гэта абязкова трэба адлюстраваць у новых школьных падручнікаў.
Што ж, праўда заўсёды вяртаецца праз напластаванні гадоў і часоў, як вярнуліся ў полацкім храме старажытныя фрэскі 12-га стагоддзя з выявай святой Еўфрасінні Полацкай.
Галоўнае, каб цяпер мы ўсё больш разумелі, што многія пакаленні нашых землякоў выраслі не на пустым месцы, што мы маем багатую гісторыю, якой можна і трэба ганарыцца.
І пра гэта сведчыць будучае свята 500-годдзя айчыннага кнігадрукавання, якое пройдзе ў самым старажытным горадзе краіны, і тыя мерапрыемствы, звязаныя са старажытнай гісторыяй нашай дзяржаўнасці. Важна толькі, каб гэта не стала кампанейшчынай, а ператварылася ў мэтанакіраваную карпатлівую працу па патрыятычным выхаванні ўсіх пакаленняў нашых грамадзян.