Падзяліцца:
“Роздум. Вяртанне творчай спадчынай”. Радыёблог Навума Гальпяровіча (аўдыё)
21 Лістапада 2019
“Роздум. Вяртанне творчай спадчынай”. Радыёблог Навума Гальпяровіча (аўдыё) Кожны раз, калі я бываю ў родным Полацку, я стараюся завітаць на дзвінскую набярэжную, самую старажытную вуліцу горада. І не магу прайсці міма Багаяўленскай царквы і будынка былой брацкай школы, у якім зараз месцяцца музеі беларускага кнігадрукавання і музей-бібліятэка Сімяона Полацкага. З дзяцінства вабіла мяне постаць гэтага слыннага палачаніна, які стаў аўтарам першага буквара для царскіх дзяцей, пакінуў надзвычай цікавую паэтычную спадчыну, пісаў і ставіў п'есы. Менавіта пра творчую спадчыну Сімяона Полацкага пойдзе сёння гаворка на міжнароднай навуковай канферэнцыі, прысвечанай 390-годдзю з дня нараджэння выдатнага сына беларускай зямлі і 25-годдзю музея-бібліятэкі Сімяона Полацкага. Так склалася, што пачаўшы сваю дзейнасць на роднай зямлі, напісаўшы першыя вершы на роднай матчынай мове, палачанін значную частку жыцця і свой зямны шлях завяршыў у Маскве, куды ён быў запрошаны, каб вучыць царскіх дзяцей. Я ў адным са сваіх вершаў некалі пісаў: Там, сярод царскіх раскошных палат Раптам у горкую хвілю адчаю Ціха прымроіш, як кліча назад Дзвінская чайка. Ён стаў першым у Расіі прафесійным пісьменнікам, перакладаў з латыні і польскай мовы, літаратурна апрацоўваў папулярныя тады свецкія і царкоўныя творы, удзельнічаў у падрыхтоўцы поўнага перакладу расійскай Бібліі. Сімяон Полацкі напісаў праект першай у Расіі вышэйшай навучальнай установы, паводле якога потым стваралася маскоўская Славяна-грэцка-лацінская акадэмія. Полацкі стаяў ля вытокаў першага ў Расіі тэатра, створанага ў 1672 годзе пры царскім двары, сам напісаў і паставіў у ім дзве першыя п’есы, набраўшы трупу з беларускіх артыстаў. Але заўсёды ў думках быў з родным Полацкам, з блізкімі яго сэрцу палямі і гонямі беларускай старонкі. Пісьменнік памёр на 51-м годзе жыцця, але след, пакінуты ім, вельмі значны. У спадчыну нам засталіся 50 тысяч радкоў паэтычных твораў Полацкага. Больш за тое, вучоны палачанін славуты сваімі паэтычнымі эксперыментамі – фігурнымі вершамі (ці так званымі геаметрычнымі) – у выглядзе крыжа, зоркі, сэрца або стужкі серпанціну… Пра спадчыну Сімяона будуць сёння гаварыць удзельнікі канферэнцыі з Мінска, Масквы, іншых гарадоў і краін, і, вядома, Полацка. І, магчыма, адкрыюцца нейкія новыя старонкі, нечым новым узбагаціцца яго вобраз. Не адразу вярнулася імя славутага земляка ў родны горад. Пра гэта сведчыць і дата, якую будуць сёння адзначаць удзельнікі канферэнцыі. Але цяпер постаць вучонага, паэта, асветніка паўнапраўна прысутнічае не толькі ў музеі – цэнтральны праспект Полацка цяпер упрыгожвае помнік аднаму з самых выбітных дзеячаў нашай навукі і культуры. І ў гэтыя два дні ў яго родным горадзе навукоўцы з усяго свету аддадуць даніну павагі і ўдзячнасці таму, хто столькі зрабіў для славы сваёй зямлі.
Каб пакінуць каментар, аўтарызуйцеся:
Войти как пользователь
Вы можете войти на сайт, если вы зарегистрированы на одном из этих сервисов: