Падзяліцца:
«Роздум. Вяртаючы гістарычную памяць». Радыёблог Навума Гальпяровіча (аўдыё)
14 сакавіка 2019
«Роздум. Вяртаючы гістарычную памяць». Радыёблог Навума Гальпяровіча (аўдыё) Здаецца, мы прывыкаем, што адкрываюцца новыя старонкі айчыннай гісторыі, на радзіму вяртаюцца матэрыяльныя сведкі сівой мінуўшчыны, якія, здавалася, назаўсёды зніклі з родных мясцін. Вось і нядаўна ў Музеі кнігі Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі адбылася ўрачыстая перадача ў дар факсімільнага выдання Лаўрышаўскага Евангелля. Цяпер каштоўны рукапіс ранняга перыяду гісторыі Вялікага Княства Літоўскага, дзякуючы выдавецкаму ўзнаўленню, стаў дасяжны даследчыкам і аматарам спадчыны беларускага Сярэднявечча. Лаўрышаўскае Евангелле – рукапісны помнік кніжнай культуры ХІІІ–XIV ст. Ён быў створаны для праваслаўнага Лаўрышаўскага мужчынскага манастыра пад Наваградкам, аб чым сведчаць укладныя запісы, змешчаныя ў кнізе. Лаўрышаўскае Евангелле мае адметнае мастацкае аздабленне: ілюстравана мініяцюрамі, пераплёт упрыгожаны каштоўнымі камянямі і фігурнай металічнай пласцінай з выявай святога воіна (магчыма, князя Войшалка). Кніга змяшчае 14 укладных запісаў, найранейшы з якіх датаваны 1329 годам і адносіцца да заснавання царквы Святога Мікалая. 9 з 14 запісаў маюць непасрэдныя ўказанні на Лаўрышаўскі манастыр як на адрасата ўкладу, астатнія пяць паводле зместу і сэнсу таксама маюць дачыненне да Наваградскай зямлі. У перыяд знаходжання Беларусі ў Расійскай Імперыі ў XIX ст. унікальная кніга была вывезена спачатку ў Расію, а потым – у Кракаў, дзе цяпер і захоўваецца ў Бібліятэцы князёў Чартарыйскіх. Лаўрышаўскае Евангелле праз знітаванасць нашых традыцый з’яўляецца супольнай гістарычнай каштоўнасцю чатырох краін – Беларусі, Літвы, Польшчы і Украіны. І гэта не першая такая значная падзея. Батанічны сад і Батанічны музей Берлін-Далем Берлінскага Свабоднага ўніверсітэта вярнулі ў Рэспубліку Беларусь каля 500 кніг і часопісаў, выдадзеных у XIX — XX стст. на лацінскай, нямецкай, французскай, рускай, беларускай і ўкраінскай мовах. Кнігі па біялогіі і батаніцы былі вывезены ў Берлін у 1943 годзе, у час Другой сусветнай вайны. Першапачаткова выданні знаходзіліся ў навуковых бібліятэках Беларусі, большасць з якіх належала Горацкай сельскагаспадарчай акадэміі, пра што сведчаць інвентарныя штампы. Ёсць і іншыя цікавыя прыклады. За 2017-2018 гг. на пляцоўках Дзяржаўнага літаратурнага музея Янкі Купалы ажыццёўлены міжнародныя выставачныя праекты, падчас якіх экспанаваліся рукапісы (у тым ліку арыгінальныя аўтографы Янкі Купалы), дакументы, фатаграфіі, выданні, творы мастацтва, асабістыя рэчы, якія маюць непасрэднае дачыненне да гісторыі беларускага нацыянальнага адраджэння, працэсаў фарміравання і развіцця беларускай нацыянальнай культуры ў першай палове ХХ ст., якія захоўваюцца ў зборах замежных архіваў, музеяў, устаноў культуры, грамадскіх арганізацый, у сямейных архівах і прыватных калекцыях. Сярод шэрагу акцый можна вылучыць выставачны праект “Беларускай песні ўладар”, прысвечаны 135-годдзю з дня нараджэння Янкі Купалы і здзейснены сумесна з Літоўскім архівам літаратуры і мастацтва на аснове арыгінальных аўтографаў Янкі Купалы (экспанаваліся і былі ўпершыню ўведзены ў навуковы ўжытак 14 рукапісаў, якія захоўваюцца ў Літоўскім архіве літаратуры і мастацтва. Можна было б працягваць гэты пералік і далей, бо такія прыклады гавораць пра тое, як мы ўсё глыбей пачынаем усвядамляць сутнасць таго, што называецца айчыннай гісторыяй, крыніцай гонару за свой народ і высокага патрыятызму. Такіх каштоўных матэрыялаў раскідана па свеце нямала, і вяртаючы іх з дапамогай нашых сяброў і прыхільнікаў, мы ўзбагачаемся духоўна.
Каб пакінуць каментар, аўтарызуйцеся: