Падзяліцца:
“Роздум. Вясновыя пацеркі мая”. Радыёблог Навума Гальпяровіча (аўдыё)
3 мая 2019
“Роздум. Вясновыя пацеркі мая”. Радыёблог Навума Гальпяровіча (аўдыё) Прызнайцеся, сябры, што як бы мы ні любілі розныя поры года, але вясна заўсёды выклікае ў нас прыліў надзеі, светлыя радасныя мроі. Асабліва месяц май, які напоўнены водарам першай квецені, па-сапраўднаму летнім цяплом. Невыпадкова менавіта на май выпадае столькі святаў, столькі кранальных хвілін яднання з прыродай, з блізкімі і дарагімі людзьмі. Менавіта ў маі мы святкуем слаўны Дзень Перамогі, які мае найвелізарнейшае значэнне, бо гэта была перамога над самай страшнай бядой – карычневай чумой фашызма, што магло змяніць гісторыю ўсяго чалавецтва. І дасягнута была гэта перамога моцай і воляй многіх народаў, у тым ліку і нашых родных і блізкіх людзей, нашых землякоў. Ціхіх рэчак разлівы, вясновыя пацеркі вод... Як стагоддзі таму, новы дзень узыходзіць над краем. Цёплы водар зямлі, і абуджаных птушак палёт, I маўчанне бароў, і зялёная рунь маладая. Так я напісаў у адным са сваіх вершаў. Вершаў мне дарагіх, бо гэтае шчырае пачуццё было выклікана самой вясной, адчуваннем маладосці і натхнення. Вясна… Першы ранішні сонечны праменьчык пяшчотна зазірае праз фіранку, і ўжо не хочацца спаць, хочацца хутчэй удыхнуць п’янкі водар веснавога паветра, падставіць твар свежаму ветрыку ці першым кроплям майскага дожджыка… Вясной мы гатовы з радасцю сустракаць гасцей, каб яны палюбаваліся на вежы Полацкай Сафіі, магутныя муры Мірскага замка, палюбаваліся на цвіценне пралесак і ландышаў у беларускіх лясах, паблукалі па алеях Нясвіжскага парка, паглядзелі на зуброў у Белавежскай пушчы. Беларусь усё больш становіцца турыстычнай краінай, ды і нам самім няблага бліжэй пазнаёміцца з гісторыяй і прыгажосцю роднага краю. Май таксама знакавы месяц для працаўнікоў сельскай гаспадаркі. Менавіта ў гэтым месяцы закладваецца будучыня наступнага ўраджаю. У маі заканчваецца навучальны год у самых маленькіх грамадзян нашай краіны. Яны таксама збіраюць своеасаблівы ўраджай ведаў перад тым, як адправіцца ў захапляючы летні адпачынак. Яшчэ на нашай зямлі май здаўна называлі траўнем. Як падае энцыклапедыя, травень, траўнік, траўны — адлюстроўвае працэсы, што адбываюцца ў прыродзе, парá, калі буйна растуць травы: травень зялёнай травой славен; песеннік — наваколле напаўняецца птушынымі спевамі, у прыказках яго параўновалі з салаўіным летам; ярац — у гонар бажаства ўрадлівасці Ярылы, на змену якому ў хрысціянскі перыяд прыйшоў Юрый — апякун жывёлы і земляробства. Сустракаліся таксама грымотнік, лецень, цвецень. Ён прыйшоў, Прыйшоў квяцісты травень, Ахінуты ў белы футарал. І на яблынях пялёсткавую навісь Кінула шаўковая зара. Гэтыя радкі ў далёкім 1931 годзе напісаў беларускі паэт Юрка Лявонны. Новае маладое пакаленне беларускіх творцаў прыходзіла ў родную літаратуру з такім бурапенным веснавым настроем. І сёння май, травень у чарговы раз дорыць нам радасць і светлыя пачуцці. Хай жа будзе ён шчаслівы і шчодры для ўсіх нас!
Каб пакінуць каментар, аўтарызуйцеся: