Падзяліцца:
Роздум. Выхаванне любоўю. Радыёблог Навума Гальпяровіча (аудыё)
27 кастрычніка 2016
Роздум. Выхаванне любоўю. Радыёблог Навума Гальпяровіча (аудыё) Сябры, скажыце, ці шмат вы можаце назваць школ, якія носяць імя нашых беларускіх пісьменнікаў? Не толькі класікаў, але і знакамітых землякоў, творчасць якіх дабратворна ўплывае на выхаванне маладога пакалення. Не так даўно мне давялося пабываць у Мікашэвічах, у гімназіі, якая носіць імя паэта Уладзіслава Нядведскага. Паэт нарадзіўся ў 1929 годзе, рана стаў сіратой, бацькі загінулі ў час Вялікай Айчыннай вайны. У першыя пасляваенныя гады выхоўваўся ў Мікашэвіцкім дзіцячым доме, у 1948-1950 гадах працаваў там старшым піянерважатым. Скончыў філалагічны факультэт БДУ, працаваў на Беларускім тэлебачанні, у часопісе “Маладосць“, у выдавецтве “Мастацкая літаратура“. Аўтар шматлікіх кніжак паэзіі і прозы для дзяцей і дарослых. Не могуць не кранаць, да прыкладу, такія прачулыя радкі паэта: Я помню ўсё... Я стаў дарослым рана — У дваццаць год на скронях сівізна. Зноў у грудзях занылі моцна раны, I праклінаю я цябе, вайна! Я помню ўсё... Магілы на узгорку, Дзе плача вечна ссохлая сасна I лезе ў вочы дым пажараў горкі: Праклён табе, пачварная вайна… Гэтыя і іншыя паэтычныя радкі гучалі ў гімназіі ў дзень памяці славутага земляка. І ў час заняткаў у класах, і на вялікай урачыстай імпрэзе, на якую прыехалі паважаныя госці з Мінска і Лунінца. Прыемна было слухаць юных чытальнікаў іх шчырыя словы, цудоўную беларускую мову з іх вуснаў. Беларускую літаратуру ў мікашэвіцкай гімназіі ведаюць і любяць, і з мовай роднай зямлі сябруюць. І без гучных дэкларацый, высакапарных заклікаў, а проста таму, што тут павагу і пашану да роднага слова выхоўваюць любоўю. Час зараз поўны агрэсіі, як у глабальным, так і ў камунікацыйным, нават бытавым маштабе. Не абыходзіць гэта і нас, што асабліва адчуваецца ў сацыяльных сетках. Замест аргументаў і перакананняў гучаць пагрозы і знявага, спрэчкі і дыскусіі часам нагадваюць непрымірымыя бойкі. І гэта, на мой погляд, ідзе ад таго, што мы сталі менш увагі ўдзяляць такому светламу і прыгожаму пачуццю, як любоў. Любоў да родных мясцін, да бацькі і маці, да блізкіх і суседзяў, да прыгожага роднага слова, а ў цэлым – да нашай агульнай Радзімы. Любоў гэта не выключае прынцыповасці ў адстойванні сваіх думак, у супраціўленні злу і насіллю, але выхаваныя ў любові больш перакананыя і больш пераканаўчыя. Ва ўсе часы кніга была крыніцай мудрасці і любові. Таму і ў наш імклівы тэхналагічны час, калі нават не паспяваеш за новымі ашаламляльнымі прарывамі і дасягненнямі, ёй па-ранейшаму павінна аддавацца пачэснае месца ў нашым паўсядзённым жыцці. І менавіта з дзіцячых гадоў, са школы. Але гэта не павінна насіць фармальны, адчэпны характар, бацькі і школа не павінны высвятляць адносіны, хто больш увагі ўдзяляе выхаванню павагі да кнігі, літаратуры, роднага слова… Мне чамусьці падумалася, што калі б многія, хто вядзе гарачыя спрэчкі пра ролю і месца літаратуры і роднага слова ў нашым жыцці, пабывалі б у Мікашэвічах, заглянулі б у вочы дзетак і настаўнікаў, паслухалі, як яны шануюць земляка-паэта, то змаглі б адчуць гэтае пачуццё любові, якое так неабходна ў выхаванні маладога пакалення, ды, урэшце, кожнаму з нас. А ўзгадваючы нашу слынную паэтку Яўгенію Янішчыц і яе цудоўныя радкі, услед за імі паўтарылі б, што менавіта з любові і пачынаецца ўсё... Усяго найлепшага, да сустрэчы! Аўтарская праграма "Радыёблог" гучыць з панядзелка па пятніцу ў 10.11 і 16.05.
Каб пакінуць каментар, аўтарызуйцеся: