Падзяліцца:
27 Снежня 2016
У гэтыя святочныя калядныя дні хочацца гаварыць пра светлае і прыгожае, жадаць блізкім ды і незнаёмым людзям усялякіх даброт і радасных падзей. І няхай не ўсе з нас стаялі на святочнай імшы ў касцёлах, адзначалі хануку, а праваслаўныя вернікі яшчэ чакаюць, калі пост завершыцца шчодрай каляднай вячэрай, настрой, які аб’ядноўвае людзей, і пераднавагодні, і накіраваны на пазітыў і спагаду. Памятаю, у нашым прыгарадным пасёлку людзі адзначалі каляды, не зважаючы на тое, хто якой веры. Самому даводзілася ў вясёлай грамадзе калядаваць - хадзіць па хатах, прыносіць дадому поўны мяшок няхітрых падарункаў. Высокі прыгожы малады муж суседскай Веры быў малдаванінам, а ў маёй равесніцы, што жыла праз два дамы, бацька быў грузін. Абодва служылі ў Полацку і засталіся тут жыць, пакахаўшы беларускіх дзяўчат. Памятаю, мама мне даводзіла, што ўсе людзі роўныя, усе мовы прыгожыя, і нельга дзяліць людзей па нацыянальнасцях. Здавалася б, простыя чалавечыя ісціны. Але ці думаў я, малы, што праз дзясяткі гадоў буду сустракаць зусім іншыя ідэі і гаворкі? Варта толькі кожны дзень зазірнуць у інтэрнэт, і на цябе абрыньваецца такая колькасць нялюдскіх каментароў і выказванняў, поўных злобы і ненавісніцтва… Дастаецца, калі носяць на погляд гэтых з дазволу сказаць аўтараў не той запіс у пашпарце або не тая форма носа ці чэрапа. Здавалася б, нацызм і фашысцкія ідэі асуджаны чалавецтвам раз і назаўсёды, але часам зноў выпаўзаюць яны з падваротняў і робяць сваю чорную справу. Нехта можа сказаць, ці варта, маўляў, звяртаць увагу на ўсялякія маргінальныя опусы але, на бяду, яны ўжо ўвасабляюцца ў сапраўдныя крывавыя канфлікты, бязлітасны тэрор, калі л'ецца кроў, гінуць ні ў чым невінаватыя людзі. Няўжо настолькі зачарсцвелі душы некаторых, хто нядаўна публічна выказваў нейкую вар'яцкую радасць з прычыны катастрофы расійскага самалёта? І нічым, як стратай звычайных хрысціянскіх ды агульначалавечых нормаў гэта растлумачыць немагчыма. Наша краіна не засталася ў баку ад трагічных падзей у Расіі, былі ў знак салідарнасці прыспушчаны дзяржаўныя сцягі, спачуванні выказвалі многія жыхары нашай краіны ў шматлікіх допісах, прыносячы жалобныя кветкі да пасольства Расійскай Федэрацыі ў нашай сталіцы. Ну вось, хацеў пра харошае, скажаце вы, а зноў негатыў, зноў трывога… Што паробіш, такі зараз час, такое выпрабаване выпала чалавецтву, і важна вытрымаць яго, каб не акунуцца ў пучыну жудасці і бяды, гора і людскіх слёз. Прызнаемся, што нямала злога і нехарошага сеюць сёння не якія-небудзь неадукаваныя і цёмныя людзі. І цяжка нават за псеўданавуковымі даследаваннямі і заклікамі ўбачыць няпраўду і страшэнны цёмны дурман. З лёгкасцю абвяргаюцца гістарычныя факты, брудам і маной абліваюцца цэлыя народы, іх звычаі, традыцыі, мова. І разлічана гэта на тое, каб пасяліць у людзях злобу і агрэсію. Нельга супрацьпастаўляць не толькі народы і нацыі, але іх выдатных прадстаўнікоў. Пушкін і Міцкевіч, Дастаеўскі і Шаўчэнка, Нізамі і Хаям, Купала і Багдановіч, Гётэ і Байран - аднолькава дарагія і любімыя людзям самых розных краін і кантынентаў. Як пісаў наш Багдановіч, 125-годдзе якога мы нядаўна адсвяткавалі: “Хто мы такія? Толькі падарожныя, – папутнікі сярод нябёс. Нашто ж на зямлі Сваркі і звадкі, боль і горыч, Калі ўсе мы разам ляцім Да зор?” Імкнення да міру, духоўнасці і згоды, звяртання да вечных каштоўнасцяў, высакародных ідэй гуманізму і любові да бліжняга пажадаў суайчыннікам у святочным прывітанні кіраўнік дзяржавы. Дык няхай злоба і нянавісць, хцівасць і мана адступаюць перад высакародствам і праўдай, перад людскасцю і дабрынёй! З надыходзячым годам, сябры, міру і шчасця!
Каб пакінуць каментар, аўтарызуйцеся:
Войти как пользователь
Вы можете войти на сайт, если вы зарегистрированы на одном из этих сервисов: