
Гэты мой успамін дзяцінства стаў для мяне адной з жыццёвых высноў: аднойчы мы з сябрукамі па нашым прыгарадным пасёлку скакалі з даху саўгаснай майстэрні, і я скокнуў вельмі няўдала, з усяго размаху напароўшыся нагой на востры металічны прут, што тырчэў з зямлі.
Боль, кроў, на нагу ступіць не магу!.. Калі прыбег бацька, я ўжо ледзь не страціў прытомнасць. Хуценька перавязаўшы, як мог, адной рукой, а другая, параненая на фронце, вісела ў яго нерухома, мне нагу, ён узваліў мяне на карак і пабег. Да гэтага часу не разумею, чаму ён не выклікаў “хуткую”, не шукаў каня ці машыну.
Да гарадской бальніцы нават напрасткі было кіламетры тры-чатыры, а я ўжо важыў не так мала ў свае дванаццаць гадоў.
Памятаю, бацька амаль усю дарогу бег. У мяне кружылася галава, нага нясцерпна балела, і, нібы праз сон, я чуў яго хрыплае дыханне і голас:
– Нічога, сынок, пацярпі. Нічога...
Бацька, дзякуй Богу, дажыў да васьмідзесяцісяці гадоў. Перажыў смерць жонкі, пабачыў унукаў. Перад смерцю ён стаў лёгкі, як дзіця, і я ўжо сам мог перанесці яго з пакоя ў пакой.
Ды праз столькі гадоў ўсё часцей успамінаю тую дарогу, яго дужую спіну, і ўласную веру, што ўсё будзе добра, калі са мной бацька. І чую яго голас:
– Нічога, сынок, пацярпі. Нічога...
Нечакана гэты ўспамін ярка адгукнуўся ў душы, калі давялося сутыкнуцца, хоць і ўскосна, з жыццёвай гісторыяй пра адносіны бацькі і сына.
Тут не мае значэння, якім чынам гэтая гісторыя стала прадметам майго роздуму, але сутнасць яе зараз коратка перакажу.
Адзін мой знаёмы досыць сталага ўжо ўзросту раптам паўстаў перад сябрамі, знаёмымі і калегамі па рабоце ў зусім другі абліччы. Новыя дакументы сведчылі пра іншае прозвішча, і, што адметна, зусім іншае імя па бацьку.
На нясмелыя запыты сяброў, якія ведалі, што маці і бацька ў яго, дзякуй Богу, жывыя, ён коратка адказваў: так трэба. І толькі самыя блізкія ведалі, што гэта была своеасаблівая помста бацьку за сваё дзяцінства, калі ён бачыў, як той, прыходзячы дадому п’яны, зневажаў і біў маці, лёгкі быў на фізічную расправу над ім самім і малодшым братам.
“Гэта ж трэба так нарабіць, каб уласны сын адмовіўся насіць прозвішча і імя роднага бацькі!” – казалі тыя, хто даведаўся пра гэту гісторыю.
Некаторыя ж пярэчылі: “Як можна так ставіцца да адзінакроўнага свайго бацькі, тым больш цяпер старога і нямоглага? Які ёсць, а ўсё ж родны!”
Я не хацеў бы тут выступаць у ролі нейкага трэцейскага суддзі, але, вярнуўшыся да свайго дзіцячага ўспаміну, хачу паспачуваць абодвум дзейным асобам гэтай гісторыі.
Сыну, што ён не атрымаў ад роднага бацькі той неабходнай яму любові і падтрымкі, надзейнага і адданага пляча.
Бацьку, які атрымаў самае страшнае для бацькоў – адмаўленне свайго бацькоўства ад уласнага дзіцёнка.
На жаль, імкнучыся да ўдасканалення многіх жыццёвых пастулатаў, разняволення асобы, барацьбы за свабоду волевыяўлення, мы усё менш спасылаемся на традыцыйныя каштоўнасці, адна з якіх – роля сям’і, бацькоў, у дадзеным выпадку таго, што называецца – сын за бацьку, бацька за сына.
І хочацца спадзявацца, што ў героя майго аповяду, калі ў яго з’явяцца дзеці, у іх не ўзнікне жадання адмовіцца ад прозвішча і імя ўласнага бацькі.