Падзяліцца:
“Роздум. Высокае служэнне...” Радыёблог Навума Гальпяровіча (аўдыё)
21 Снежня 2018
“Роздум. Высокае служэнне...” Радыёблог Навума Гальпяровіча (аўдыё) Юбілею гэтага творцы былі прысвечаны шматлікія мерапрыемствы ў самых розных аўдыторыях, у іх бралі ўдзел пісьменнікі і навукоўцы, дыпламаты і выдаўцы, удзячныя слухачы, – дзевяностагоддзе Чынгіза Айтматава адзначала ўся Беларусь. Здавалася б, чаму народны пісьменнік Кыргызстана і Казахстана так блізкі беларускаму чытачу? Я думаю, што выдатны творца сумеў закрануць нашы душы яшчэ і таму, што маральныя і жыццёвыя праблемы, якія ён уздымае ў сваіх раманах і аповесцях, блізкія кожнаму з нас. І хоць дзеянне яго твораў адбываецца ў нязвыклых нашаму воку стэпах і гарах, нібыта гэта з намі гавораць і дыхаюць яго героі. Я ўзгадваю, як у мяне наварочваліся слёзы, калі я чытаў аповесць “Белы параход”, яго фінальную сцэну, як хлопчык, расчараваны ад чэрствасці і двудушша дарослых, ідзе навек у мора, шукаючы сваю мару – белы параход… А раман “Буранны паўстанак”, бліскуча перакладзены на беларускую мову Міхасём Стральцовым, які перавыдала нядаўна выдавецтва “Народная асвета”!.. Паслухайце: “Была ўжо другая гадзiна ночы. Зоры ў небе разгаралiся, кожная свяцiла сама па сабе, i месяц над саразекамi стаў ярчэйшы, увачавiдкi налiваўся ўсё большай i большай нетутэйшай сiлай. А пад зорным небам далёка, бязмежна расхiнулiся саразекi, толькi абрысы вярблюдаў – і сярод iх двухгорбы волат Баранлы-Каранар – ды невыразныя плямы блiзкiх узгоркаў былi вiдны, а ўсё астатняе паабапал чыгункi акрывалася смугой, прападала ў бясконцасцi…” У лёсе чыгуначнага рабочага Едыгея – лёс усёй нашай былой краіны. А гэта – і рэпрэсіі, і Вялікая Айчынная вайна, і цяжкая пасляваенная праца. Зямныя падзеі ў рамане перасякаюцца з касмічнымі. Важнае месца ў творы займае легенда пра маці Найман-Ану і яе сына, які па волі злых людзей стаў манкуртам, жорсткай і бессэнсоўнай істотай, што не памятае сваіх каранёў. Паводле Чынгіза Айтматава, манкурт – гэта той, хто “не ведае, адкуль ён родам, з якога племя, не ведае свайго імя, не помніць дзяцінства, бацьку і маці”, – адным словам, манкурт не ўсведамляў сябе чалавечай істотай. Сёння вобраз, створаны пісьменнікам, набыў філасофскае гучанне для многіх народаў, у тым ліку і для беларусаў. Словам “манкурт” сталі абазначаць тых, хто адмовіўся ад сваіх каранёў: мовы, Радзімы, продкаў, блізкіх людзей. Чынгіз Айтматаў, дарэчы, быў яшчэ з самага пачатку сваёй творчай працы заўважаны беларускімі перакладчыкамі. Па-беларуску ў Мінску асобнымі выданнямі ўбачылі свет яго кнігі “Джаміля”, “Бывай, Гюльсары!”, “Першы настаўнік”. Але не толькі нам блізкі Айтматаў. Яго ведаюць і чытаюць у многіх краінах свету. А ў Германіі перакладзены на нямецкую мову літаральна ўсе творы пісьменніка. Дык вось, у чым загадка такой папулярнасці, такога сусветнага суперыжывання і ўдзячнасці? І тут, на маю думку, варта паразважаць над прыродай сапраўднага таленту, над месцам і роляй творцы ў жыцці кожнага народа. Сёння, калі кніжны свет запоўнены самым розным чытвом, калі часам на першы план выходзіць камерцыя, танны эпатаж, бурныя прыгоды далёка не станоўчых герояў, прыклад папулярнасці твораў Айтматава ў тым, што ён заўсёды быў са сваім народам, жыў яго штодзённымі праблемамі і клопатамі і проста любіў сваіх героеў. Аддаць свой талент высокаму служэнню, быць сумленным і шчырым, – здавалася б, простая фармулёўка, але не кожны, на жаль, з тых хто бярэцца за пяро, можа і хоча следаваць ёй. І гэта яшчэ адзін урок Айтматава, пісьменніка і грамадзяніна, для многіх тых, хто шукае сваё месца ў літаратуры.
Каб пакінуць каментар, аўтарызуйцеся:
Войти как пользователь
Вы можете войти на сайт, если вы зарегистрированы на одном из этих сервисов: