
Пяцігадовы Міхаська вельмі чакаў суботы, калі бацькі павядуць яго ў дзіцячае кафэ святкаваць Дзень народзін. Запрасіў сваіх стрыечных браціка і сястру. Але якое было яго расчараванне, калі яны не прыйшлі. І цяжка было растлумачыць тату і маме сапраўдную прычыну, давялося шукаць нейкія прыймальныя адказы. А насамрэч на Дзень нараджэння да стрыечнага браціка забараніў пайсці іх бацька, які да гэтага пасварыўся з бацькам Міхаські.
Дзеткі, такім чынам, сталі закладнікамі “вайны” паміж роднымі людзьмі, выгадаванымі аднымі бацькамі.
Імя хлопчыка я, канечне, змяніў, але выпадак такі сапраўды меў месца.
Па парку ішло сямейства. Маці каціла перад сабой каляску, бацька трымаў за руку хлопчыка гадоў чатырох. І раптам нешта бацькі не ўзгоднілі паміж сабой. І пачалася бурная лаянка з ужываннем такой ненарматыўнай лексікі, што пазайздросцілі б спрактыкаваныя майстры такога жанру. Трэба было бачыць напалоханыя вочы хлапчука, на якога ў пыле сваркі бацькі не звярталі ніякай увагі.
На школьным стадыёне, проста на лавачцы перад дзіцячымі трэнажорамі, трое мужыкоў распівалі гарэлку. Жавалі сала, пакурвалі, а побач гулялася з лялькай сімпатычная дзяўчынка. Ні яе прысутнасць, ні людзі, якія праходзілі міма, ніколькі не бянтэжылі сяброўскую кампанію. І тое, што дзяўчынка міжволі можа прыслухвацца да дарослых мужчынскіх размоў, таксама.
Некалі, звяртаючыся да бацькоў, вядомы педагог Антон Сямёнавіч Макаранка гаварыў: “Вашы ўласныя паводзіны — самая вырашальная рэч. Не думайце, што вы выхоўваеце дзіця толькі тады, калі размаўляеце з ім, павучаеце яго ці загадваеце яму. Вы выхоўваеце яго ў кожны момант вашага жыцця, нават калі вас няма дома. Як вы апранаецеся, як вы гаворыце з іншымі людзьмі і пра іншых людзей, як вы радуецеся ці сумуеце, як вы ставіцеся да сяброў і ворагаў, як вы смеяцеся, чытаеце газету — усё гэта мае для дзіцяці вялікае значэнне. Найдрабнейшыя змены ў тоне дзіця бачыць ці адчувае, усе павароты вашай думкі даходзяць да яго нябачнымі шляхамі, вы іх не заўважаеце. А калі дома вы грубіяніце, выхваляецеся, ужываеце алкаголь, зневажаеце маці, вам ужо не трэба думаць пра выхаванне: вы ўжо выхоўваеце вашых дзяцей і выхоўваеце дрэнна, і ніякія самыя лепшыя парады ім не дапамогуць.”
Кожнае дзіця з самага ранняга ўзросту пачынае фарміраваць сваё ўяўленне пра свет вакол яго, пэўную жыццёвую пазіцыю. І тут роля бацькоў, іх паводзіны, іх адносіны адзін да аднаго, да знешніх праяў, становіцца амаль вызначальнай. Нездарма ж існуе прымаўка, што яблыка ад яблыні не далёка падае.
І, паверце, часцей за ўсё ў бацькі, грубіяна і п’яніцы, вырасце падобны на яго сыночак, а нашчадкі злодзеяў і рэцыдывістаў нярэдка ідуць па слядах тых, хто іх вырасціў.
Памятаеце словы нашых бацькоў, сказаныя некалі нам у дзяцінстве: “у нашым родзе такога не было” ці: “у нашай сям’ і панавала згода”?.. Пераемнасць лепшага, гісторыя свайго роду – лепшы чыннік сямейнага выхавання. Нездарма цяпер усё часцей многія цікавяцца сваёй радаслоўнай, бо гонар за продкаў становіцца пуцяводнай зоркай для новых пакленняў.
Гэты тычыцца і мовы, і жыццёвых прынцыпаў, і маральных крытэрыяў. Разбураючы маральныя высновы, выхаваныя пакаленнямі, мы пазбаўляем нашчадкаў той асновы, якая ляжыць у падмурку нацыі, народа.
Таму такія жыццёвыя замалёўкі, пра якія я распавёў на самым пачатку гаворкі, далёка не бяскрыўдныя рэчы.