Падзяліцца:
«Роздум. Як слова наша адгукнецца?» Радыёблог Навума Гальпяровіча (аўдыё)
31 Мая 2018
«Роздум. Як слова наша адгукнецца?» Радыёблог Навума Гальпяровіча (аўдыё) А яшчэ кажуць, што сеціва не цалкам люстэрка нашага жыцця; бывае, яшчэ якое люстэрка! Днямі кінулася ў вочы адно відэа, на якім маці з сынам вучаць верш пра ластаўку. Ніяк не ўдаецца хлапчуку, на выгляд гадоў сямі-васьмі, адолець першы радок, і ў роспачы ён раптам разраджаецца тырадай адборнага мату. Відаць, мэтай аўтараў відэа было рассмяшыць людзей, дарэчы, гэты фрагмент паглядзела каля мільёна інтэрнэт-карыстальнікаў. Але для многіх эфект аказаўся абсалютна процілеглым. На жаль, брыдкаслоўе стала звычайнай з’явай на вуліцах нашых гарадоў і паселішчаў, у грамадскіх месцах, нават у сем’ях. Мацерныя словы і выразы гучаць з вуснаў прыгожых дзяўчат і іх кавалераў, дзяцей у школах, на спартыўных пляцоўках і нават са сцэны ў выкананні некаторых гуртоў. І часта цяжка схавацца ад гэтых брудных слоў, якія, быццам смецце, сыплюцца на вушы і галовы тых, хто з маленства вывучыў, што дрэнныя словы ўжываць у гаворцы непрыстойна. Я далёка не ханжа, і ў стане эфекту ці ў іншай экстрэмальнай абстаноўцы ўпаўне разумею, што моцнае слова можа прагучаць. Але каб проста так, як кажуць, для сувязі слоў у сказе… Адказнасць за ўжыванне ненарматыўнай лексікі ніхто не адмяняў, але чаму яна так трывала прыжылася ў абіходзе нашых суграмадзян? Прычыны, на мой погляд, не столькі ў адсутнасці культуры, бо матам лаюцца і тыя, ад каго, здавалася б, гэта чуць немагчыма: прафесары і студэнты, літаратары і мастакі… Прычыны ляжаць значна глыбей. Перш за ўсё, у занядбанні тых маральных скрэпаў, якія заўсёды цэментавалі грамадства: хатняга выхавання, людскіх законаў супольнага жыцця, сораму за здейсненае, павагі да суседзяў і блізкіх. Паслухайце, як гатовыя, нібы сабакі, учапіцца ў горла кантралёру ў грамадскім транспарце, пешаходу, які не ўступіў дарожку веласепідысту… У тым жы фэйсбуку прачытаў параду для вадзіцеляў: калі цябе абганяюць і просяць спыніцца, закрывай дзверы, не выходзь з машыны і выклікай ДАІ, бо нехта з тых, хто ехаў ззаду, хоча вас правучыць за няправільны абгон ці якое яшчэ парушэнне, якое, ён палічыў, здзейснена вамі. Дарэчы, наконт сабак. Паспрабуйце зрабіць заўвагу мілай дамачцы, калі яе чацвераногі ўлюбёнец загадзіў дзіцячую пляцоўку ці кінуўся вам пад ногі. Пачуеце такое, у тым ліку з ненарматыўнай лексікі, што парадуецеся, што не спусціла на вас свайго пса. Нешта я не чуў, каб некага аштрафавалі за неправільны выгул чацвераногага сябра чалавека. І што рабіць, калі ў школьны двор, мінуючы надпіс пра тое, што выгул сабак забаронены, вядуць і вядуць і малых шчанюкоў, і магутных аўчарак? Так што мат на вуліцах – гэта частка праблем нашай агульнай культуры. Людзі сталі менш чытаць кніг, у тым ліку харошых, якія будзяць у душы высокія светлыя пачуцці. Мы сталі менш гаварыць адно аднаму прыгожых слоў, шчырых кампліментаў, выказвання цёплай падтрымкі. І мне цяжка ўявіць, як прызнаецца ў каханні любай дзяўчыне спрэс пакрыты непрыстойным тату хлапец, перамяжоўваючы сваё прызнанні словамі на адпаведныя літары алфавіту. І таму размах мацяршчыны, які апанаваў наш соцыюм, на мой погляд, далёка не бяскрыўдная рэч.
Каб пакінуць каментар, аўтарызуйцеся:
Войти как пользователь
Вы можете войти на сайт, если вы зарегистрированы на одном из этих сервисов: