
На адным з інтэрнэт–рэсурсаў з’явіўся матэрыял пад кідкай назвай «У Полацку цяпер ёсць свая Эйфелевая вежа. А ў гараджан – любімае месца для сэлфі».
Далей у матэрыяле распавядаецца пра тое, што адна з фірм устанавіла ў горадзе міні-копію Эйфелевай вежы вышынёй з двухпавярховы дом, і гараджане прыходзяць фатаграфавацца ля гэтага месца.
Шчыра кажучы, я з асаблівай увагай і цікаўнасцю ўспрымаю любую інфармацыю, што тычыцца майго роднага горада. І, канечне, добра, што ў маіх землякоў з’явілася новая гарадская выдатнасць.
Але прызнаюся адразу, што ў дадзеным выпадку адчуў некаторую збянтэжанасць. Чаму Эйфелевая вежа, а не, скажам, копія Мікалаеўскага сабора, які ўпрыгожваў некалі цэнтральную плошчу горада і быў дамінантай славутай Полацкай акадэміі, а затым Кадэцкага корпуса?
І чаму прыватная фірма вырашае, што павінны ўшаноўваць людзі, якія копіі ўстанаўліваць?
Чаму менавіта Полацк удастоены такога «гонару» – мець у сябе копію сусветна вядомага архітэктурнага помніка? Калі, як пішацца ў матэрыяле, такая ж копія ёсць у беларускай вёсцы Парыж, што на Пастаўшчыне, то пэўная логіка тут ёсць. А чаму фірме не прыйшло ў галаву падарыць палачанам, скажам, копію «Біг Бэна» ў Лондане ці Пізанскай вежы ў Італіі?
І што пра гэта думаюць тыя аматары гісторыі найстаражытнейшага горада Беларусі — калыскі беларускай дзяржаўнасці, — куды з усяго свету едуць турысты, каб палюбавацца на гістарычныя выдатнасці Полацка – Сафійскі сабор, Спаса-Ефрасіннеўскі манастыр, брацкую школу Сімеона Полацкага?..
І ці здзівіць, напрыклад, тых жа парыжан ці іншых еўрапейцаў міні-копія Эйфелевай вежы пасярод традыцыйнай савецкай пабудовы пяцідзесятых гадоў мінулага стагоддзя?
Я ні ў якім разе не выступаю толькі за мясцовы патрыятызм. Безумоўна, трэба ведаць і ганарыцца сусветнымі шэдэўрамі архітэктуры і мастацтва. Але, сябры, шануючы створанае ў свеце, трэба ў першую чаргу любіць сваё.
Нездарма вось другі год мы гаворым пра малую радзіму. Сапраўдны патрыятызм пачынаецца з любові да роднага, блізкага, спрадвечнага.
А калі пачынаецца эпігонства, прыніжэнне ўласнага, - гэта вельмі трывожныя і небяспечныя сімптомы.
Давайце прыгледземся, як мы шануем нашы помнікі, нашы песні, нашы казкі, нашу мову…
Давайце пройдземся па вулках нашых гарадоў, дзе прысутнічаюць маўклівыя сведкі слаўнага гістарычнага мінулага, давайце скіруем нашу ўвагу да адноўленых храмаў і старажытных замкаў, да аўры застаўшыхся да нашага часу руін даўніх храмаў і гістарычных забудоў, да ўсяго, што будзіць у душы высокія пачуцці і гордасць за свой край і народ.
І сэлфі з родным і блізкім няхай будуць непрыкметным і неназойлівым унёскам у гэтыя святыя пачуцці.