
Сівая невысокая жанчына падышла да вакна. У двары грымелі петарды, у вокнах дома насупраць рознакаляровымі лямпачкамі ззялі навагоднія ялінкі. Гадзіннік на кухні паказваў дзве гадзіны. На стале стыла міска з традыцыйным аліўе, стаяла адкрытая бутэлька сухога віна, на талеркі былі раскладзены заліўная рыба, тушаная ў духоўцы бараніна, святочны торт…
Бакалы былі пустымі, бо ў гэтую ноч так у госці да маці і бабулі ніхто не прыйшоў. Ды яна і не дужа спадзявалася, чакала толькі тэлефоннага званка. Дзякуй Богу, патэлефанаваць было каму – два дарослыя сыны з сем’ямі жылі ў гэтым жа горадзе, ўнучка не так даўно выйшла замуж, і на свет паявілася маленькая праўнучка.
Мужа, былога весельчака і спартсмена, жанчына пахавала ўжо сем гадоў назад і засталася жыць адна ў трохпакаёвай кватэры.
“Давай жа патэлефаную сама”, - падумала раптам яна, і набрала па мабільніку тэлефон старэйшага сына.
“Мама, - азваўся ён праз шум уключанага на поўную магутнасць тэлевізара, - а мы думалі, што ты ўжо спіш. З новым годам цябе, мама!”
“У вас усё ў парадку, сынок? Як дзеці?”
“Усё нармальна, мама. Заеду неяк на тым тыдні, пагаворым”.
Доўга потым сядзела маці з адключаным мабільнікам у руках. Узгадвала, як некалі, шмат гадоў таму, выклікала хуткую, калі яе Саша палаў агнём ад высокай тэмпературы, як сядзела ўсю ноч ля яго ложка ў бальніцы, як малодшы зламаў руку, скокнуўшы з дрэва ў двары…
Ці не знаёмая карціна, сябры? Не, я не выдумаў нічога, я проста абагульніў уражанні ад нядаўняй навагодняй ночы ў некаторых маіх суседзяў і знаёмых.
“Палюбіце сябе!“ — заклікаюць псіхолагі праз інтэрнэт, “Трэба ўмець адпачываць!” — гучыць з тэлеэкрана. І даўно ўжо не было нешта чуваць слогана “Патэлефануйце бацькам!“
Сёння, калі сам ужо даўно бацька і дзядуля, часта задумваюся, куды знікаюць часам тыя шчырыя пачуцці любові і прывязанасці паміж дарослымі дзецьмі і пажылымі бацькамі, чаму ў некаторых з памяці выкрэсліваюцца тыя хвіліны еднасці і любові, якія звязвалі з любай матуляй і клапатлівым бацькам, з ласкавымі і спагадлівымі дзядулем і бабуляй.
Па сабе ведаю пра такія думкі, пра шкадаванне пасля сыходу ў іншы свет нашых бацькоў за тое, што не дадалі мы ім сваёй удзячнасці і любові.
Як, на жаль, бывае, што замест таго, каб наведаць сваіх старых на малой радзіме, мы выбіраем цёплыя курорты, захапляючыя паездкі і падарожжы, а там, дзе прайшло дзяцінства, чакаюць адзінокія бацькі, каб пабачыцца з дарослымі сынамі і дочкамі, унукамі і ўнучкамі.
Наперадзе зноў святы, зноў вялікі выходныя. Не палянуйцеся, патэлефануйце бацькам, а то і завітайце да іх у госці!
Гэта патрэбна не толькі ім, а і вам самім, каб адчуць сябе нармальнымі, вернымі і ўдзячнымі нашчадкамі свайго роду, сваёй сям’і.