
Сумная вестка прыйшла з Пекіна: памёр вядомы кітайскі паэт, перакладчык, мастак Гао Ман, і для мяне ягоны сыход стаўся і асабістым горам, бо лёс падарыў мне незабыўную сустрэчу з гэтым цудоўным чалавекам і творцам.
Памятаю нашу доўгую гутарку ў яго пекінскай кватэры, цёплую сяброўскую сустрэчу, што стала потым асновай для аднаго з маіх апавяданняў “Качка па-пекінску”.
Гао Ман нарадзіўся ў Харбіне, вучыўся ў рускай школе, дзе выкладалі амаль усе прадметы рускія эмігранты, з дзяцінства палюбіў рускую літаратуру і ўсё жыццё маляваў партрэты рускіх пісьменнікаў.
Гао Ман – гэта творчы псеўданім Сунь Юйнаня (так назвалі яго бацькі). І азначае ён “Высокія зараслі”. Сам Мастак тлумачыў гэта так: «Хачу быць у жыцці простай травой». Ён стаў не проста травой, а яркай і прыгожай кветкай у суквецці нашых літаратур і высокага мастацтва.
Яшчэ ў 1958 годзе ў Пекіне пабачыла свет перакладзеная ім кніга вершаў Максіма Танка. З беларускім мастаком слова кітайскі сябра славянскіх культур пазнаёміўся ў час паездкі ў Мінск у 1956 годзе. Затым сустракаўся з Максімам Танкам у час яго візіту ў Кітай у 1957 годзе. Гао Ман быў знаёмы з народным мастаком СССР Заірам Азгурам. І праз многія дзесяцігоддзі ў размовах з беларускімі журналістамі ўспамінаў гэтае знаёмства, успамінаў майстэрню Заіра Азгура. Гао Ман - аўтар артыкула пра беларускага мастака Георгія Паплаўскага як пра кніжнага графіка. Між іншым, у 2011 годзе газета "Літаратура і мастацтва" перадрукавала гэты артыкул у перакладзе на беларускую мову.
Перакладчык Ганны Ахматавай, Тараса Шаўчэнкі, ён добра ведаў літаратуру розных народаў Савецкага Саюза. Сябраваў з Мустаем Карымам, Давідам Кугульцінавым, Робертам Раждзественскім, Андрэем Вазнясенскім, Бэлай Ахмадулінай, Юрыем Бондаравым... У пекінскай кватэры Гао Мана - шмат кніг з іх аўтографамі, фотаздымкі малюнкі з дарчымі надпісамі. Гао Ман шмат падарожнічаў па розных гарадах постсавецкай прасторы. Імкнуўся наведаць мемарыяльныя месцы, звязаныя з жыццём і творчасцю паэтаў, празаікаў. У творчай спадчыне мастака - яго карціны, партрэты, графічныя малюнкі, прысвечаныя Аляксандру Пушкіну, Ганне Ахматавай (дарэчы, кітайскі творца пераклаў яе "Рэквіем"), Льву Талстому, Фёдару Дастаеўскаму, Антону Чэхаву... Намаляваў Гао Ман і беларускіх мастакоў слова - Янку Купалу, Якуба Коласа, Алеся Адамовіча, Васіля Быкава…
У апошнія гады беларускі друк шмат пісаў пра Гао Мана. Перакладчык уваходзіў у склад міжнароднага рэдакцыйнага савета серыі "Светлыя знакі: паэты Кітая". З'явіліся і мастацкія творы, прысвечаныя добраму сябру Беларусі.
Сёння цёплыя стасункі беларускіх і кітайскіх літаратараў знаходзяць увасабленне ў многіх сумесных праектах. Калі гаварыць пра ўзгаданую серыю, то ўжо выйшлі кнігі перакладаў на беларускую мову класікаў кітайскай паэзіі Лі Бо і Ду Фу, выдатных пааэтаў Ай Ціна, Сюй Джымо і іншых.
З’яўляюцца творы нашых землякоў у перакладзе на кітайскую.
Мне ўжо не раз даводзілася гаварыць пра многія цікавыя сумесныя праекты Беларусі і Кітая ў самых розных галінах, пра стратэгічнае партнёрства нашых краін і народаў. І стасункі культурныя, узаемаабагачэнне лепшымі дасягненнямі ў галіне літаратуры і мастацтва адыгрываюць тут важную ролю.
Каб лепш зразумець сябра, трэба зразумець яго душу. Гэтаму заўсёды дапамагала і дапамагае літаратура.
І хочацца верыць, што лепшай удзячнасцю і памяццю пра старэйшага кітайскага творцу, вернага сябра нашай краіны стане якраз пашырэнне і развіццё нашых сувязяў у галіне літаратуры і мастацтва.