Падзяліцца:
«Роздум. З чаго пачынаецца патрыятызм?» Радыёблог Навума Гальпяровіча (аўдыё)
8 лістапада 2018
«Роздум. З чаго пачынаецца патрыятызм?» Радыёблог Навума Гальпяровіча (аўдыё) Гартаючы стужку аднаго з інтэрнэт-рэсурсаў, зачапіўся вокам за адзін допіс пад прыгожым здымкам аўтара: “Восьмага лістапада ўпершыню пайду на хакей. Хачу не проста падтрымаць нашых хлопцаў, але і паказаць, што ўсе мы беларусы і не важна, з якога віду спорту, – балеем за сваіх. Я ведаю, што гэта не проста дапамагае, але і надае ў два разы больш сіл. Будзем разам! Разам мы заўсёды можам больш.” І подпіс: Эльвіра Герман, чэмпіёнка Еўропы і патрыётка. Шчыра кажучы, я не адношуся да заўзятых фанатаў нашых хакеістаў, асабліва на фоне бясконцых паражэнняў мінскіх дынамаўцаў у гульнях КХЛ, ды і сённяшні хакей, на мой погляд, у нечым страціў той рамантызм і запал, якім славілася гэтая гульня, скажам, у мінулым стагоддзі. Магчыма, віной гэтаму невымерныя даходы маладых хлопцаў, якія адбіваюць у іх рамантыку, калі наперад выходзіць халодны разлік, імкненне больш зарабіць і з большай выгадай сябе прадаць, але ў дадзеным выпадку заклік еўрапейскай чэмпіёнкі мне вельмі сімпатычны. Сапраўды, адчуванне прыналежнасці да краіны, да свайго народа – вельмі магутны стымул для самаідэнтыфікацыі, усведамлення сябе патрыётам. Што такое сваё? Чым вымяраецца тое пачуццё самасці і адчування неабходных табе рэчаў, людзей, краявідаў?.. Памятаю, больш за ўсё мяне ўразіла і ўсхвалявала ў дзяцінстве, калі мяне, другакласніка, паклалі ў бальніцу і памянялі ўсю маю вопратку на бальнічнае адзенне. Мала таго, што адарвалі ад звыклай атмасферы бацькоўскага дома, дык і не пакінулі нічога свайго. Менавіта сваё, роднае, пачынаецца ад ранішніх пахаў кухні, дзе мама гатуе смачныя прысмакі, ад любімых цацак і кніжак, ад звыклых пейзажаў вуліцы і двара, ад дарогі да школы. Менавіта гэта нараджае першыя парасткі патрыятызму, любові да малай радзімы. Так мы пакрысе прывыкаем да свайго, да пачуцця адметнасці і важкасці свайго месца сярод іншых. І бяда, калі нехта адаб’е гэта пачуццё і заахвоціць быць падобным на нянаскіх, чужых па духу, хоць і прывабных нечым. Гэтая другаснасць і правінцыйнасць ніколі не выведзе ў роўнасць з запазычаным, ніколі не зробіць сваім у іншым, чужым свеце. Мне могуць запярэчыць, што сёння глабалізацыя зрушыла з наседжаных месцаў многіх людзей, але ж далёка не ўсе яны страцілі сваю адметнасць і непадобнасць, і захоўваюць іх, што выклікае павагу і нават зайздрасць. Бо ў кожнага з іх ёсць месца, адкуль яны пайшлі ў свет, дзе ўпершыню пачулі родную мову і песню, дзе жыве памяць продкаў. А яшчэ лепей, калі можна адчуць еднасць з блізкімі людзьмі, з землякамі і суседзямі ў сваім родным доме, і нават разам пабыць на трыбунах стадыёна, дзе гуляе каманда тваёй краіны.
Каб пакінуць каментар, аўтарызуйцеся: