
Сябры! Што нам вядома пра горад Іванава , што ў ста трыццаці кіламетраў ад Брэста ,самай нашай заходняй мяжы? Гарадок з насельніцтвам шаснаццаць з паловай тысяч чалавек на рацэ Самароўка. Чыгуначная станцыя Янаў-Палескі на лініі Брэст-Пінск.
Маляўнічыя мясціны гэтага краю мы маглі ўбачыць на малюнках Напалеона Орды, які нарадзіўся ў ваколіцах гэтага горада. Па малюнках выдатнага земляка сёння можна ўявіць тую Беларусь, якая існавала амаль два стагоддзі таму.
У горадзе стаіць помнік гэтаму знакамітаму чалавеку , біяграфія каторага цягне на захапляючы прыгодніцкі раман.
На Іванаўшчыне пачаўся род класіка рускай літаратуры Фёдара Дастаеўскага.
Але самае галоўнае , чаму я ўзгадаў сёння гэты прыгожы горад – роўна праз месяц тут адбудзецца юбілейны , дваццаць пяты Дзень беларускага пісьменства.
Эстафету горад прыняў ад старажытнага Полацка, калыскі беларускай дзяржаўнасці і культуры , дзе свята прыгожага пісьменства праходзіла летась і было прысвечана пяцьсотгоддзю беларускага кнігадрукавання.
Здавалася б,непараўнальная роля старажытнага Полацка і маленькага мястэчка Янава ў гісторыі беларускай культуры, але калі мы гаворым пра нацыянальныя традыцыі культуры , духоўнасці і пісьменства , то размова ідзе не толькі пра заслугі асобных буйных гарадоў і гістарычных мясцін , а пра слаўнае мінулае ўсяго нашага краю , які так паэтычна назваў Уладзімір Караткевіч зямлёй пад белымі крыламі.
І не толькі пра мінулае. Пра сённяшнія здабыткі культуры , пра стан айчыннага кнігавыдання , пра нашу беларускую літаратуру.
Думаецца, Іванава ніколі не бачыла столькі знакамітых гасцей з усіх куткоў нашай краіны , з блізкага і далёкага замежжа .Тут пройдзе круглы стол прадстаўнікоў шматлікіх літаратур свету , цікавыя канцэрты , прэзентацыі , кніжныя кірамашы.
Асноўнай пляцоўкай святкавання XXV Дня беларускага пісьменства стане гарадскі парк Іванава.
Плануецца, што менавіта там размесціцца галоўная пляцоўка свята. Там створана пэўная інфраструктура, ёсць амфітэатр. Недалёка ад яго будзе ўстаноўлена сцэна.
Дадатковым упрыгажэннем парку стане арыгінальная падсветка і малыя архітэктурныя формы. Змяненні закранулі таксама цэнтр Іванава - частка вуліцы 17 верасня стане пешаходнай.
Так, святы беларускага пісьменства яшчэ адметныя і тым , што месцы іх правядзення становяцца больш прыгожымі і ўтульнымі , добраўпарадкоўваюцца вуліцы , культурныя цэнтры. Нехта , канечне , можа паіранізаваць. Але хіба дрэнна , калі мясцовыя жыхары становяцца ўдзячнымі святу і за тое , што яно ўносіць добраўпарадкаванне і ўтульнасць у жыццё іх родных мясцін, якія абнаўляюцца і прыгажэюць.
Але ўсё ж самае галоўнае , што мы глыбей пазнаем гісторыю роднага краю , далучаемся да крыніц айчыннай культуры , роднай мовы , ганарымся нашымі землякамі , што вельмі актуальна, асабліва сёлета, у Год малой радзімы.
Так што сустрэнемся ў Іванаве , сябры, і зноў адчуем сябе далучанымі да нашай агульнай духоўнасці ,да гаючай крыніцы роднага слова!