
Вялікай і яркай падзеяй, якой жыве ўжо каторы дзень наша краіна, безумоўна, сталі Другія Еўрапейскія гульні. І не толькі спартыўнымі спаборніцтвамі запомняцца яны гасцям і ўдзельнікам. Гасціннасць нашых людзей, прыгожае аблічча нашай сталіцы, знаёмства з гісторыяй і сённяшнім днём Беларусі.
У памяці прысутных наведвальнікаў застануцца імёны нашых слаўных папярэднікаў і землякоў Усеслава-Чарадзея, Ефрасінні Полацкай, Францыска Скарыны, Льва Сапегі, Янкі Купалы і Якуба Коласа, Максіма Багдановіча і Васіля Быкава…
Наша краіна паўстала перад гасцямі з многіх краін як самабытная, яркая сучасная дзяржава, якой можна ганарыцца і ўслаўляць, як кажуць, і словам, і песняй.
Менавіта пра словы і песні мне хацелася б сёння паразважаць у гэтай сувязі, бо менавіта праз літаратуру і мастацтва можна найбольш ярка данесці да людзей усю значнасць і веліч пройдзенага нашым народам шляху і паступальную хаду ў будучыню нашага краю.
Яшчэ ў канцы шасцідзесятых, у пачатку сямідзесятых гадоў мінулага стагоддзя Уладзімір Караткевіч пачаў раскрываць новыя старонкі айчыннай гісторыі, абвяргаючы міф аб забітасці і занядбанасці нашага краю. Яго рамантычныя ўзнёслыя творы неслі пазітыўны станоўчы зарад, напаўнялі сэрцы чытачоў гордасцю за свой народ, яго гісторыю. Менавіта з яго лёгкай рукі мы пачалі называць нашу Беларусь “Зямлёй пад белымі крыламі”.
І паступова сталі з’яўляцца новыя творы, кінафільмы, працы гісторыкаў, што стваралі аб’ектыўную, багатую на падзеі і факты карціну нашай самасці, нашага, кажучы слвамі класіка, “пачэснага пасаду між народамі”.
Гэты працэс яшчэ ідзе, набывае абароты, укараняецца ў свядомасць цэлых пакаленняў, у першую чаргу моладзі.
І многае тут залежыць ад працы сённяшніх літаратараў, кнігавыдаўцоў, дзеячаў музычнага і тэатральнага мастацтва.
Калі гартаеш некаторыя кнігі, часам здзіўляешся, колькі негатыву, змрочнасці, безвыходнасці знаходзіш у творах некаторых “модных” аўтараў. Безумоўна, сумнага і часам нават трагічнага ў нашым жыцці хапае, але да традыцый нашай літатуры заўсёды быў характэрны гуманізм, пошук шляхоў да светлага, прыгожага, шчырага.
І другое. Роля настаўнікаў беларускай мовы і літаратуры. Часам у сваіх густах і рэкамендацыях яны пакуль арыентуюцца на пэўную этнаграфічнасць, старасвеччыну, нібыта беларусы толькі плачуць пра свой даўнішні “гаротны лёс”, страты.
Яшчэ Максім Багдановіч, звяртаючыся да калегі па пяру, заклікаў: “Кінь вечны плач свой па старонцы!”
Сёння мы жывем у высокаразвітай, сучаснай краіне з нацыянальнай IT-індустрыяй, беларускамоўнымі інтэрнэт-рэсурсамі.
Сёння на мабільных тэлефонах з’вілася і беларускамоўная версія “Вайбера”, у “Юцюбе” з’явіўся беларускамоўны канал для самых маленькіх.
Сучасная беларуская літаратура – гэта не толькі апяванне росных сцяжынак і басаногага дзяцінства.
І толькі творамі з унутраным аптымізмам, імкненнем да прыгажосці, праўды і справядлівасці, багаццем выяўленчых фарбаў, сучасным поглядам на свет можна прывіць любоў падрастаючага пакалення да роднага мастацкага слова.