Падзяліцца:
“Роздум. З клопатам пра зялёнага сябра”. Радыёблог Навума Гальпяровіча (аўдыё)
20 ліпеня 2018
“Роздум. З клопатам пра зялёнага сябра”. Радыёблог Навума Гальпяровіча (аўдыё) Некалі, у далёкім ужо дзяцінстве, я марыў, што наш сціплы завулак на ўскраіне горада нарэшце заасфальтуюць, што ў родным Полацку з’явяцца высотныя дамы і шырокія праспекты. Увогуле, вялікія гарады ў нашым дзіцячым уяўленні мелі вялікую прыцягальную сілу менавіта сваім урбаністычным выглядам, вялікім патокам машын, трамваяў і тралейбусаў на вуліцах, бетонам і асфальтам. І не мог я тады ўявіць, як прыемна гарадскому жыхару выехаць на прыроду ці хаця б прагуляцца ў бліжэйшым скверы, дзе шмат дрэваў, дзе можна пачуць птушыныя галасы… Нядаўна непадалёк ад нашага дому добраўпарадкавалі парк і цяпер там шмат дарослых і дзяцей любяць бавіць свой час, пазаймацца на трэнажорах, пакачацца на арэлях, пагуляць на дзіцячых горках... У нашым Мінску, ды і ў іншых буйных гарадах, адкрываюцца экалагічныя сцяжыны, веласіпедныя трасы, адным словам, для гараджан ствараецца магчымасць, не выязджаючы далёка, дакрануцца да жывой прыроды. І гэтаму трэба радавацца, і гэта трэба цаніць, што, на жаль, бывае далёка не заўсёды. Вось пра што я вычытаў у сацыяльных сетках: зусім нядаўна, у пачатку чэрвеня, адкрылася экалагічная сцяжына ў раёне Чыжоўкі. На адным з яе ўчасткаў пастаўлены прыгожы плот для бяспекі прахожых. Побач жа абсталявана некалькі месц для пікнікоў. Дык вось, гэтыя аматары пікнікоў на прыродзе сталі выламываць дошкі для сваіх вогнішчаў і сёння адміністрацыя раёна не ведае, ці рамантаваць плот, ці вогуле разабраць, каб папярэдзіць далейшы вандалізм мясцовых жыхароў. А вось іншы выпадак вандалізму, так бы мовіць, вытанчанага, на які хочацца звярнуць вашу ўвагу. На адзін высокі дуб на вуліцы Леаніда Бяды невядомыя адкрылі цэлую хімічную атаку. Каля каранёвай сістэмы дрэва рассыпана шмат солі, ствол загорнуты ў плёнку, а вышэй прасверлена адтуліна. Такім чынам, соллю, можна загубіць любое здаровае дрэва, і не стану пераказваць рэцэпт, як гэта зрабіць, якім шчодра дзеляцца некаторыя аматары ў тых жа сацыяльных сетках. Некалі дрывасекаў некаторыя экзальтаваныя паэты называлі забойцамі жывога, а як можна назваць тых, хто рыхтуе для нашых зялёных братоў марудную і пакутлівую смерць. Дарэчы, за такое выдаленне дрэваў можна атрымаць адміністрацыйнае пакаранне ў выглядзе штрафа. Стала ўжо аксіомай сцвярджаць, што прырода помсціць за непаважлівыя і злачынныя адносіны да сябе. І мы ўсе гэтаму сведкі. Але што рабіць, калі гэта не даходзіць да некаторых нашых маленькіх і дарослых суграмадзян? Відаць, гэта вынікі ранейшай недастатковай увагі да экалагічнага выхавання насельніцтва. Вось нават у адной з еўрапейскіх краін наогул забаранілі вырубаць лясы і прадаваць вырабы з дрэва. У нас жа разам з шырокай растлумачальнай работай па ахове прыроды, варта, відаць, і стражэй ставіцца да падобнага вандалізму да таго прыгожага і існага, што ёсць вакол нас. Добрых сустрэч з прыродай вам, сябры, хай яна дорыць нам хвіліны сапраўднай радасці і асалоды!
Каб пакінуць каментар, аўтарызуйцеся: