
Пачну з цытаты: “Чытанне і кнігі – найвялікшыя каштоўнасці. З імі ў кожную сям’ю ўваходзяць найлепшыя спадарожнікі жыцця — імкненне да новых ведаў, працавітасць, узаемадапамога, жаданне рабіць сваё наваколле прыгожым і асэнсаваным”.
Гэтыя радкі я цытую з прадмовы да зборніка беларускіх казак “Не сілай, а розумам“, які пабачыў свет у выдавецтве “Мастацкая літаратура”. Гэта новая серыя “Сямейнае чытанне”, якая выйшла ў межах сацыяльна-творчага праекта Беларускага саюза жынчын.
Праект распачаты пры падтрымцы міністэрстваў інфармацыі і адукацыі нашай краіны. Як гаворыцца ў прадмове, яго мэта – садзейнічаць умацаванню маральных каштоўнасцей сям’і і грамадства, узмацненню ролі чытання і кнігі ў выхаванні дзяцей і падлеткаў.
Здавалася б, нічога незвычайнага і ў гэтых словах, і ў факце заснавання кніжнай серыі няма. Але наш імклівы час надае нават звыклым традыцыйным паняццям і ісцінам новае, больш актуальнае гучанне. Дзяцей майго пакалення і маіх уласных дзяцей не трэба было пераконваць і агітаваць чытаць кнігі. Для многіх, думаю, большасці з нас, кнігі былі і вернымі сябрамі і дарадчыкамі, мудрымі настаўнікамі і цікавымі суразмоўцамі. Са з’яўленнем камп’ютарных тэхналогій вольны час нашых дзяцей усё больш займаюць мабільныя прылады – тэлефоны і іншыя гаджэты. Для некаторых яны сталі асноўнымі спадарожнікамі жыцця. Як, дарэчы, і для іх маладых бацькоў.
Менавіта гэтыя так званыя сябры часам аказваюць не вельмі добрыя паслугі ў працэсе станаўлення і выхавання юнай асобы. Прыклады гэтаму можна знайсці ў тым жа інтэрнэце, у сацыяльных сетках.
Мабільнікі і гаджэты адсунулі на другі план для такіх дзетак і іх бацькоў і заняткі спортам, і вясёлыя гульні, і разнастайныя захапленні, і, безумоўна, чытанне кніг.
Памятаю, з якім жаданнем мы ішлі ў бібліятэку, як радаваліся падарунку на дзень нараджэння, калі бацькі і сябры дарылі нам кнігі.
Любы педагог скажа вам, што кнігі – вельмі важны кампанент у развіцці дзіцяці. Яны павялічваюць слоўнікавы запас, развіваюць мысленне і памяць, памагаюць справіцца са стрэсам, пашыраюць кругагляд.
Як жа сёння прывіць дзецям любоў да чытання?
Як раяць спецыялісты, перш за ўсё, з самага маленства бацькам трэба даць зразумець сваім гадаванцам: чытанне – гэта не пакаранне і не абавязак. Нельга прымушаць прачытаць пэўную колькасць старонак і за гэта заахвочваць гульнёй у тым жа мабільніку.
Дзеці павінны бачыць, што маці і тата самі любяць чытаць, што можна абмяркоўваць прачытанае дома, можна разам пачытаць новую казку ці захапляючую гісторыю.
Менавіта гэтым задачам павінна паспрыяць новая серыя, што выйшла ў сталічным выдавецтве. Безумоўна, толькі яна не вырашыць усе праблемы, звязаныя з заахвочваннем нашых дзетак да чытання, але ў шэрагу іншых крокаў па прапагандзе айчыннай дзіцячай кнігі, любові да чытання зробіць істотны крок.