
На двары – ліпень, самы зеніт лета, прыгожая, паэтычная і спеўная пара; менавіта цяпер па берагах рэк і азёр пускаюць купальскія вянкі, спяваюць прыгожыя беларускія песні, а купальскія вогнішчы запаляцца ў многіх кутках нашай Радзімы.
Адзін з іх – маляўнічая вёска Вязынка, што ўсяго ў 38 кіламетрах ад Мінска. А ўдзень, 7-га ліпеня, тут адбудзецца традыцыйнае рэспубліканскае свята паэзіі. Менавіта тут, у колішнім маёнтку Вязынка, нарадзіўся Ясь Луцэвіч, будучы Народны паэт Беларусі Янка Купала.
Хата на ўзгорку ля гаю,
Усёй краіне вядомай ты стала.
У глухім гушчары
Беларускага краю
Тут на свет нарадзіўся Купала...
Гэтыя радкі належаць паэту Пятру Прыходзьку. Увогуле, і Вязынцы, і асобе Янкі Купалы прысвечана нямала вершаў, песень, твораў выяўленчага мастацтва.
Але не думалі бацькі малога Яся, што іх сын не толькі ўславіць на ўвесь свет месца свайго нараджэння, але стане духоўным бацькам маладой беларускай літаратуры, сімвалам трываласці і прыгажосці роднага беларускага слова, сапраўдным народным песняром.
Цікава што Купала пачынаў пісаць па-польску. У аўтабіяграфічным лісце да даследчыка Клейнбарта ён тлумачыць свой выбар наступным чынам: пачынаў пісаць па-польску, але нечакана трапіла яму ў рукі пракламацыя, напісаная па-беларуску, таксама трапілі паэма “Гапон” Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча, трапіла “Дудка беларуская” Францішка Багушэвіча. Гэта ўзрушыла і акрыліла маладога паэта. Купала зрабіў тады свой выбар – пачаў пісаць па-беларуску.
Біёграфы Янкі Купалы ўстанавілі надзвычай цікавыя дзве даты, якія адносяцца да 1904 году: 14 ліпеня напісаў ён апошні свой польскі верш пад загалоўкам “Пра жанчыну”, а назаўтра, 15 — “Маю долю”, самы ранні з вядомых дагэтуль беларускіх твораў Купалы.
А ў 1905 годзе, у сярэдзіне мая, у маёнтак у Бараўцах, які ў той час арэндавала сям’я Луцэвічаў, завітаў госць. Гэта быў Уладзімір Самойла, вядомы дзеяч беларускага Адраджэння, які разгарнуў свежую газету з вершам Янкі Купалы “Мужык”.
З радасцю ён прамовіў пры тым: “Няма ўжо ніякага Яські, няма ніякага Луцэвіча, а ёсць Янук Купала”.
Сёння нават цяжка ўявіць развіццё беларускай літаратуры без твораў Янкі Купалы, без яго яркай публіцыстыкі, без яго гарачай малітвы за роднае слова, беларускі народ.
Любое імкненне прынізіць значэнне гэтай асобы марнае, бо і сёння Купалава слова жыве і натхняе розных людзей да высокага патрыятычнага пачуцця. Дастаткова толькі прыгадаць пранікнёнае выкананне Уладзімірам Мулявіным, дарэчы не беларусам па паходжанні, Купалавай “Малітвы”, якая прымушае людзей на канцэртах падымацца і стоячы слухаць гэтыя несмяротныя словы:
Я буду маліцца і сэрцам, і думамі,
Распетаю буду маліцца душой,
Каб чорныя долі з мяцеліцаў шумамі
Ўжо больш не шалелі над роднай зямлёй…
Усё геніяльнае заўсёды актуальна. Як заўсёды будзе актуальным купалаўскае свята паэзіі ў яго роднай Вязынцы.