
Свята-Духаў сабор знаходзіцца ў цэнтры Мінска. Ад яго да палескага горада Іванава крыху больш як тры сотні кіламетраў. Калі ехаць на машыне, падарожжа зойме максімум чатыры гадзіны. А вось удзельнікі духоўна-асветніцкай экспедыцыі “Дарога да святыняў з Дабрадзейным агнём ад Труны гасподняй", якія адправіліся напярэдадні ў сёлетнюю сталіцу Дня беларускага пісьменства, прыбудуць туды толькі ў дзень урачыстага адкрыцця свята.
Іх маршрут праляжа праз гарады і вёскі, дзе ёсць цэрквы, дамы састарэлых, дзіцячыя дамы, хоспісы. Сустрэнуцца з простымі людзьмі, працаўнікамі, сейбітамі і аратымі.
Духоўнасць і пісьменнасць заўсёды ішлі разам. Важна, каб слова пісьменніка і святара было напоўнена святлом мудрасці і гуманізму, клікала душу да светлых вышынь, да дабрыні і любові.
У экспедыцыі, што адправілася ўжо ў дваццаць пяты раз, разам са святарамі бяруць чынны ўдзел навукоўцы, пісьменнікі, артысты, музыканты, грамадскія дзеячы.
Несучы для людзей беларускае слова, песню, высокую думку, яны ўсяляюць у іх душы надзею на добрае, спрыяюць светламу ачышчэнню, чалавечай спагадзе і дабрыні.
Прывезеная лампада са святым агнём, ад якой запальваюць свае свечкі сотні і тысячы людзей на шляху экспедыцыі, становіцца паходняй веры і сілы духу. Нагадвае пра ролю кнігі і сапраўднай літаратуры ў жыцці чалавека.
Сёння кніга і высокая пісьменнасць супрацьстаяць праявам бездухоўнасці, абыякавасці, хамства.
Сапраўднае, выпеставанае душой і талентам, слова пісьменніка не менш важнае за казанне ў храме, шчырую малітву.
І не толькі ў цэрквах і сацыяльных установах, а і ў школьных і студэнцкіх аўдыторыях, дзе падчас экспедыцыі праходзяць сустрэчы і круглыя сталы.
Як засведчыў пастаянны ўдзельнік такіх сустрэч пісьменнік і грамадскі дзеяч Анатоль Бутэвіч, для тых, хто сустракаецца з удзельнікамі экспедыцыі і найперш у самых аддаленых вёсках і вёсачках, ды нават у многіх гарадах і мястэчках, - гэта непаўторная магчымасць на свае вочы ўбачыць і на свае вушы пачуць вядомых на ўсю Беларусь прадстаўнікоў творчай інтэлігенцыі, багасловаў, якіх да гэтага мо не бачылі і не чулі, акрамя хіба што па тэлебачанні.
Да гэтых слоў маглі б далучыцца і іншыя актыўныя ўдзельнікі экспедыцыі: народная артыстка Беларусі Марыя Захарэвіч, літаратуразнаўцы Сцяпан Лаўшук і Ігар Шаладонаў, пісьменнікі Ніна Загорская, Міхась Башлакоў, Вадзім Спрынчан, святар і навуковец Сергій Гардун…
На свята пісьменства ў Іванава з’едуцца шматлікія госці, адбудуцца сустрэчы, дыскусіі. Але ж і экспедыцыя, упэўнены, стане важкай і заўважнай падзеяй. Бо прамоўленыя падчас яе словы, вершы і песні – неад’емная частка нашага багатага духоўнага жыцця.
(Выкарыстаны ілюстрацыі Выдавецкага дома «Звязда» і рэгіянальных СМІ)