Падзяліцца:
“Роздум. З пачуццём дабразычлівасці і сяброўства”. Радыёблог Навума Гальпяровіча (аўдыё)
29 Снежня 2018
“Роздум. З пачуццём дабразычлівасці і сяброўства”. Радыёблог Навума Гальпяровіча (аўдыё)

Наш пастаянны слухач з Германіі Дзітмар Вольф прыслаў нам па электроннай пошце відэа з пейзажамі свайго горада і віншаванне з Калядамі. Мы размясцілі яго на нашым сайце, і цяпер кожны наведвальнік з любой краіны свету можа пазнаёміцца з пасланнем нямецкага сябра “Радыё Беларусь”.

У гэтыя святочныя дні наша пошта прыносіць нямала сардэчных віншаваняў з Аўстрыі і Велікабрытаніі, Польшчы і Францыі, Расіі і Іспаніі, ЗША, Кітаю, Індыі, іншых краін.

Нашы слухачы пішуць, што знаёмства з Беларуссю па нашых праграмах стала для іх цікавым адкрыццём і значнай падзеяй, што для іх Рэспубліка Беларусь становіцца не проста геаграфічнай назвай, а раскрываецца як самабытная краіна з адкрытым і дружалюбным народам.

А кіраўнік міжнароднага клуба радыёаматараў з Індыі спадар Наджымундзін сведчыць: “Кожны раз, калі нам трэба даведацца што-небудзь пра вашу краіну, “Радыё Беларусь” лепшым выбарам і лепшым чынам зрабіць гэта. Ваш сайт і праграмы з’яўляюцца добрай крыніцай інфармацыі, захапляльнай і пазнавальнай”.

Прыемна, безумоўна, атрымаць падобныя водгукі і віншаванні ад Алана Ро з Велікабрытаніі, Ёрга Хофмана з Германіі, Абіда Хусейна Саіда з Пакістана і многіх іншых нашых пастаянных і новых сяброў.

За гады незалежнасці Беларусь стала адметнай і яркай кропкай на карце Еўропы і свету. Міралюбівыя ініцыятывы, турыстычныя маршруты, гасцінныя і зычлівыя жыхары выклікаюць павагу і спагаду ў мільёнаў людзей планеты.

Наша гісторыя, культура, традыцыі сведчаць пра самабытнасць нашага краю, свой, кажучы словамі класіка, “пачэсны пасад між народамі”.

Гэтаму служаць і шматлікія конкурсы, віктарыны, іншыя інтэрактыўныя акцыі, якія праводзіць “Радыё Беларусь” для нашых слухачоў. Адным з іх з’яўляецца конкурс сэлфі “Маё прывітанне другім Еўрапейскім гульням”, у якім прынялі ўдзел наведвальнікі нашага сайту з 25 краін свету.

Конкурс гэты мы праводзім сумесна з дырэкцыяй гульняў, і пераможцы яго атрымаюць бясплатныя білеты на ўсе спаборніцтвы, а таксама спартыўную форму алімпійскай зборнай Беларусі.

А напярэдадні Новага году да нас завітаў жывы талісман гульняў – лісёнак Лесік, які прадэманстраваў білеты будучых спаборніцтваў і аб’явіў, што ў сувязі з вялікай колькасцю заявак на фотаконкурс і актыўнасць удзельнікаў у сацыяльных сетках, вырашана прадоўжыць прыём фотаработ да канца зімы, гэта значыць да 25 лютага!

О, спорт, ты – мір! Гэтыя словы сёння набываюць яшчэ большае значэнне. Кожнаму нармальнаму чалавеку на нашай планеце хочацца міру і шчасця. І нам, у краіне, якая за сваю гісторыю зведала нямала разбуральных войнаў, гора і пакут.

І хай пры словах “Мінск“, “Беларусь” людзі адчуюць наша імкненне да міру і згоды сярод людзей!

Каб пакінуць каментар, аўтарызуйцеся:
Войти как пользователь
Вы можете войти на сайт, если вы зарегистрированы на одном из этих сервисов: