Падзяліцца:
«Роздум. З пачуццём любові ўдзячнасці». Радыёблог Навума Гальпяровіча (аўдыё)
8 Сакавіка 2018
«Роздум. З пачуццём любові ўдзячнасці». Радыёблог Навума Гальпяровіча (аўдыё) Калі ўзгадваю той мой даўні падарунак маме на восьмае сакавіка, твар нібы наліваецца чырванню ад той дзіцячай хітрасці, якую, канечне ж, мама разгадала, хоць і не падала выгляду. А тады я доўга стаяў ля кніжнага кіёска, каб выбраць маме падарунак на сэканомленыя ад дзіцячых сняданкаў у школе грошы. Ды дужа мне спадабалася кніжка пра героя кіргізкага эпасу Манаса Велікадушнага — такая прыгожая вокладка, такі ладны пераплёт… Мама, безумоўна, усё зразумела, але заўсміхалася, пацалавала мяне, выказала словы падзякі… Нашы мамы! Колькі пяшчоты і ласкі дарылі яны нам у нашым жыцці! І нашы сціплыя падарункі ў сакавіцкі вясновы дзень не могуць у поўнай меры выказаць нашы пачуцці любові і прызнання, пяшчоты і ўдзячнасці. Гэтыя светлыя хвіліны на восьмае сакавіка наведваюць, бадай, кожнага з нас, бо жаночая прыгажосць і ласка — гэта пасланыя нябёсамі адхланне і радасць, гэта спрадвечныя ісціны для разумення гармоніі прыроды і чалавека. Ад першай калыскі да першага спаткання, ад пяшчотнай усмешкі дачушкі да мудрай спагады сястры мы адчуваем непарыўную сувязь са спрадвечнай жаноцкасцю як сімвалам еднасці свету. Уся сусветная літаратура, выяўленчае мастацтва, музыка прасякнуты прысутнасцю жаночага образа, які апявалі і апяваюць творцы розных народаў. І калі б гэтага не было, чалавецтва страціла б найважнейшую частку сваёй культуры. Сёння для многіх восьмае сакавіка – нагода яшчэ раз нагадаць пра гэта. І няхай не ўсе падзяляюць радасць гэтага свята, у барацьбе за гендэрную роўнасць увогуле выключаюць мужчынскі ці жаночы пачатак, усё ж тое, што закладзена прыродай, перамагчы нельга. І мы па-ранейшаму хочам бачыць у жаночым вобразе прыгажосць і пяшчоту, у мужчынскім – высакароднасць і мужнасць. Інакш, як сказаў паэт, навошта ўсё іншае трэба? І мой сціплы падарунак нашым слухачкам – гэтыя паэтычныя радкі: Дазволь пагрэцца ля тваёй шчакі! Тады я не паддамся завірусе, Нудзе, самоце і агорклай скрузе. Дазволь пагрэцца ля тваёй шчакі. Дазволь адтаяць ля твайго цяпла! Хай лёд сціскае берагі крутыя, Хай высяцца сумёты снегавыя. Дазволь адтаяць ад твайго цяпла. І стане цуд! І расхінецца снег, Ручай зальецца залацістым смехам, І адгукнецца дзень вясёлым рэхам. І хмара край наш любы абміне… Са святам!
Каб пакінуць каментар, аўтарызуйцеся:
Войти как пользователь
Вы можете войти на сайт, если вы зарегистрированы на одном из этих сервисов: