Падзяліцца:
«Роздум. З пачуццём прыналежнасці». Радыёблог Навума Гальпяровіча (аўдыё)
23 Сакавіка 2018
«Роздум. З пачуццём прыналежнасці». Радыёблог Навума Гальпяровіча (аўдыё) Каб лепш зразумець душу чалавека, трэба пабываць у месцы, дзе ён нарадзіўся, а каб лепш зразумець душу народа, трэба пабываць у мясцінах, звязаных з яго гісторыяй і культурай. Кушляны. Невялікая вёска на Смаргоншчыне. Вакол лясы, узгоркі. Абсалютна тыповы для нашай краіны пейзаж. Дык чаму кожны, хто прыязджае сюды, адчувае нейкае незвычайнае пачуццё прыналежнасці да ачышчальных вытокаў Бацькаўшчыны. Менавіта Кушляны далі моц, пусцілі ў свет аднаго з самых яркіх сыноў Радзімы, чалавека, які прамовіў прарочыя словы пра родную мову, пра годнасць беларуса. Тут жыў і працаваў Францішак Багушэвіч. На тыдні мы адзначалі сто восемдзесят восьмыя ўгодкі з дня яго нараджэння. Яму таксама належаць такія цудоўныя паэтычныя радкі: “Лютня Айчыны! У старонцы любімай Уваскрашай нашу родную песню…” І далей: “О, чараўніца! Гучанне шырокіх Песень тваіх, што мы любім без меры, Хай разлятаецца рэхам далёка І поўніць душы надзеяй і верай!” У 1990 годзе ў Кушлянах адкрыты Літаратурна-мемарыяльны музей–сядзіба Францішка Багушэвіча. Захавалася хата паэта, стары парк на сядзібе. Непадалёку ад сядзібы наведвальнікаў сустракае Лысая гара, дзе па легендах некалі існавала язычніцкае капішча. Па гэтых мясцінах хадзіў паэт, чэрпаў натхненне, думаў пра лёс Радзімы і свайго народа. Багушэвіч вучыўся ў Пецярбургскім універсітэце, быў выключаны за вольнадумства, працаваў вясковым настаўнікам, скончыўшы Нежынскі юрыдычны ліцэй, стаў адвакатам. На радзіме ён здабыў славу “мужыцкага адваката”, бо асноўнымі яго кліентамі былі сяляне ды гарадская бедната. Пры жыцці паэта пад псеўданімамі Мацей Бурачок ды Сымон Рэўка з-пад Барысава былі надрукаваны вершаваныя зборнікі “Дудка беларуская” і “Смык беларускі”. Яго славутая прадмова да зборніка “Дудка беларуская” і сёння цытуецца многімі чытачамі, асабліва заключныя словы: ”Не пакідайце ж мовы нашай беларускай, каб не ўмёрлі”… Пахаваны Багушэвіч у вёсцы Жупраны. Магілка паэта захавалася. Да яе людзі прыносяць свежыя кветкі як знак удзячнай памяці. Сёлета – Год малой радзімы. І для кожнага гэта месца, дзе ён зрабіў першыя крокі на роднай зямлі. Але ёсць мясціны, якім мы можам пакланіцца як сваім родным, бо яны далі жыццё славутым нашым землякам.
Каб пакінуць каментар, аўтарызуйцеся:
Войти как пользователь
Вы можете войти на сайт, если вы зарегистрированы на одном из этих сервисов: