
Калі я чытаў у сацсетках, як у Іркуцкай вобласці Расіі мясцовыя беларусы святкавалі «Гуканне вясны», узгадваў сустрэчы ў Мінску на фестывалі нацыянальных культур з групай маладых актыўных людзей. Яны на сцэне філармоніі дэманстравалі ўнікальныя ўзоры беларускіх народных песень і танцаў, якія захавалі ў далёкай Сібіры іх прадзеды і дзяды, якія па шчаслівую долю падчас Сталыпінскай рэформы рушылі асвойваць тайгу і балоты і ператвараць іх ва ўрадлівыя палі.
Тады, у першыя гады дваццатага стагоддзя, у Іркуцкую губерню Расійскай імперыі перасялілася каля трохсот тысяч беларусаў.
І цяпер у сённяшняй Іркуцкай вобласці Расійскай федэрацыі ёсць вёскі, дзе і да гэтага часу жыве каля дзевяноста працэнтаў беларусаў. Створаны фальклорныя гурты, якія спяваюць па-беларуску, праводзяцца беларускія святы.
Прыемна, што актыўны ўдзел у захаванні нацыянальных традыцый і мовы прымаюць дзеці, моладзь.
Дарэчы, сярод беларусаў у вобласці нямала вядомых вучоных, пісьменнікаў, мастакоў , палітыкаў.
Нашы суайчыннікі аб’ядналіся вакол Таварыства беларускай культуры імя Яна Чэрскага і маладзёжнага клуба «Крывічы», дзе на тым тыдні прайшоў справаздачна-выбарны сход, які падвёў вынікі плённай працы за тры гады і вызначыў новыя шляхі і напрамкі захавання беларускай нацыянальнай культуры і сваёй ідэнтычнасці.
Узначальваць гэты клуб чарговы раз яго ўдзельнікі даверылі Волі Галанавай. Гэтая маладая жанчына, педагог-псіхолаг па адукацыі, з 2003 года актыўна займаецца беларускай справай. Нашчадак перасяленцаў з Беларусі, яна нарадзілася на іркуцкай зямлі, але выдатна вывучыла родную мову, заснавала гурт аўтэнтычнай песні. Не раз бывала на гістарычнай радзіме, якую любіць і лічыць роднай для сябе.
А вось адзін са стваральнікаў Беларускай нацыянальна-культурнай суполкі Алег Рудакоў нарадзіўся на Полаччыне. У Іркуцк яго прывяла служба ў Савецкай Арміі, там пасля выхаду ў адстаўку і застаўся.
Але пра родную зямлю не забыўся — нягледзячы на вялікія адлегласці стараецца прыехаць сюды пры любой нагодзе. А ў Іркуцку ён – сапраўдная беларуская душа, паважаны і шаноўны чалавек не толькі для этнічных беларусаў.
Пад яго кіраўніцтвам і непасрэдным удзеле даследчыкі народнай культуры аб’ехалі ўсе беларускія вёскі сібірскага краю, запісалі песні, паданні, якія захавалі з далёкіх часоў мясцовыя жыхары.
Я мог бы яшчэ больш расказаць пра цікавыя справы іркуцян, але не менш насычанае жыццё беларусаў Беласточчыны з Польшчы, Латвіі, Літвы, Эстоніі, далёкіх Злучаных Штатаў, Швейцарыі…
Пра гэта мы пастаянна расказваем у праграмах нашага міжнароднага «Радыё Беларусь».
«Гукае ласкай родны край», – так мы назвалі наш конкурс прывітанняў малой радзіме. І атрымліваючы лісты і здымкі, уражваемся, з якім хваляваннем, цеплынёй пішуць людзі пра любоў да роднай зямлі, яе культуры, жадаюць поспехаў землякам.
Думаецца, у многім гэта прыклад таго, як трэба паважаць і шанаваць свае карані, культуру і мову свайго народа.
А край сапраўды і далей будзе гукаць землякоў ласкай і любоўю.