Падзяліцца:
“Роздум. З паэтычнага краю...” Радыёблог Навума Гальпяровіча (аўдыё)
14 Лістапада 2019
“Роздум. З паэтычнага краю...” Радыёблог Навума Гальпяровіча (аўдыё) Перадзім’е на Ушаччыне, бадай, як усюды ў гэтыя дні ў Беларусі – ціхае, з лёгкай асенняй маркотай, халоднай вадой у калюжынах і графічнымі карункамі дрэў, якія скінулі лісце. І вёсачка Бычкі, куды мы прыехалі з мясцовай паэткай Галінай Варатынскай і начальнікам упраўлення капітальнага будаўніцтва райвыканкама Аляксандрам Лосевым, знешне мала ў чым адрозніваецца ад падобных беларускіх вёсак. Але ёсць тут адна адметнасць – хата-музей слыннага ўраджэнца гэтай зямлі Васіля Быкава. Даглядчыца ўстановы Валянціна Яфімаўна Цар адчыняе нам дзверы і мы пагружаемся ў атмасферу простай сялянскай хаты: з калыскай, начоўкамі, сціплым хатнім рыштункам – усё, што бачыў ў свае дзіцячыя гады просты ўшацкі хлапчук, якому было наканавана стаць гонарам роднай беларускай зямлі. І не толькі беларускай, бо творы Васіля Уладзіміравіча былі перакладзены на ўсе, бадай, асноўныя еўрапейскія мовы. Едучы ў машыне сярод ушацкіх пейзажаў – лапікамі палёў і азёрамі сярод утравелых узгоркаў, такой неўрадлівай нават на мой сціплы погляд, нягледзячы на ўсю прыгажосць, зямлі, – я думаў, наколькі ўрадлівай на таленты аказалася яна. Пятрусь Броўка і Генадзь Гарбук, Рыгор Барадулін і Еўдакія Лось… І, канечне ж, Васіль Быкаў – толькі гэтыя імёны маглі б скласці яркую візітоўку нашай культуры… На Ушаччыне іх памятаюць і ганарацца імі. Гэты партызанскі край, які не зламаўся і не скарыўся ў вайну фашысцкім акупантам, добра ведае цану чалавечай годнасці і мужнасці. “Наш Быкаў, наш Барадулін”, – мне не раз давялося чуць ад мясцовых людзей. І не адзін з іх распавядаў мне Броўкавымі словамі “пра рэчачку Вушачку, якой далёка да Дняпра”. Мы сталі больш гаварыць пра нашы родныя мясціны, якія называць усе малой радзімай, і гэта не чарговая кампанія, гэта ўсведамленне абавязку ўдзячнай памяці пра нашы вытокі, пра тое, што мы не поле, засеянае пустазеллем, што мы – магутны квяцісты луг, які дорыць святло і шчасце, і радасць прыналежнасці да гэтых мясцін, якія будуць належаць і нашым дзецям і ўнукам, якія трэба берагчы і захоўваць, абараняць ад усіх навалаў. Прырода тут пакінула пасля прайшоўшага ледніку безліч камянёў, і сімвалічна што на адным з іх каля хаты Быкавых у Бычках – сёння партрэт Васіля Уладзіміравіча і выбітыя літары з яго прозвішчам і гадамі жыцця. Нібы сама прырода паўдзельнічала ў стварэнні гэтага памятнага знака. Невялічкая хатка, і экспанатаў не дужа багата. Але таўсценная кніга водгукаў змяшчае прачулыя і шчырыя словы людзей, якія прыязджалі сюды. І ў гэтых, часам, незамыславатых сказах – шчырая і мудрая ўдзячнасць, прызнанні ў любові да асобы і творчай спадчыны народнага пісьменніка. Ў дарогу доўга не збіраўся ён, Пайшоў, як быццам выканаў загад, Каб узначаліць зводны батальён Тых, хто ўжо не вернецца назад. Не вернуцца …ды памяць на вякі Яны пакінулі, жыцця прайшоўшы шлях. Героі твораў і франтавікі Стаяць адной шарэнгай у вачах. Гэтыя радкі належаць Аляксандру Лосеву – не прафесійнаму паэту, а будаўніку і райвыканкамаўскаму работніку. І гэта яшчэ адно пацверджанне таго, што ціхая і сціплая Ушаччына ўрадлівая на таленты і паэзію. І такой зямлі павінен быць наканаваны шчаслівы лёс.
Каб пакінуць каментар, аўтарызуйцеся:
Войти как пользователь
Вы можете войти на сайт, если вы зарегистрированы на одном из этих сервисов: