
Кожны раз, калі я прыязджаю ў родны Полацк, люблю з ранку выйсці на бераг Дзвіны: шырокая люстра вады, знаёмы з дзяцінства сілуэт Сафійскага сабора нязменна выклікаюць магутны подых пяшчоты, цёплы і салодкі. Ідучы па набярэжнай, нельга не спыніцца ля помніка 23-м гвардзейцам лейтэнанта Грыгор’ева, якія ў далёкім 1944-м годзе ў складзе гвардзейскай стралковай дывізіі Савецкай арміі ўварваліся ў горад, захоплены з 16 ліпеня 1941 года нямецка-фашысцкімі войскамі. Бясстрашныя салдаты ўтрымлівалі мост праз Дзвіну і не далі ворагу яго ўзарваць, забяспечыўшы паспяховае наступленне нашых войскаў.
У ходзе Полацкай аперацыі Войскі 1-га Прыбалтыйскага фронту 4 ліпеня вызвалілі горад. Трыццаць адной частцы і злучэнню, якія вызначыліся пры вызваленні горада, прысвоены ганаровыя званнні «Полацкіх». А воінам-гвардзейцам лейтэнанта Грыгор’ева пасля вайны была прысвечана песня Юрыя Візбара, якую я пачуў з папулярнага тады аўдыёчасопіса «Кругозор».
Памятаю яе прыпеў:
Этот город называется Полоцк.
Он войною на две части расколот.
Словно старец он велик и спокоен,
Со своих на мир глядит колоколен.
К лесу узкие поля убегают.
Белорусская земля, дорогая…
Памятаю тое ўражанне, якое было ва ўсіх маіх землякоў ад гэтай песні. Пра Полацк у той час пісалі нямнога. Таму калі на пласцінцы з’явілася песня пра подзвіг 23 гвардзейцаў на чале з лейтэнантам Грыгор’евым, гэта стала для нас значнай падзеяй.
І вось аднойчы, у 1975 годзе, калі я працаваў у мясцовай газеце, патэлефанавалі з Масквы і паведамілі, што да вас едзе адзін з вызваліцеляў горада былы лейтэнант Грыгор’еў. Гэта было сапраўднай сенсацыяй, бо па ранейшых звестках усе гвардзейцы на чале з камандзірам загінулі.
Мне давялося сустракацца і гаварыць з Аляксандрам Іванавічам Грыгор’евым, стаяць разам з ім каля славутага помніка. Праўда, аказаўся ён аднафамільцам славутага лейтэнаната Грыгор’ева, але таксама быў адным з тых, хто за вызваленне Полацка атрымаў званне Героя Савецкага Саюза. А ўвогуле за вызваленне Беларусі гэтае высокае званне атрымалі звыш паўтары тысячы чалавек, у тым ліку 39 беларусаў.
Так, сярод воінаў-вызваліцеляў былі прадстаўнікі многіх нацыянальнасцяў. І сёння ў нашай незалежнай дзяржаве, у тым ліку ў маім родным старажытным Полацку, калысцы беларускай дзяржаўнасці, шануюць гэтых смелых і мужных людзей. Я ведаю, што ў гэты дзень да помнікаў і брацкіх магіл на полацкай зямлі лягуць жывыя кветкі і прагучаць прачулыя ўдзячныя словы.
Як я пісаў у адным з вершаў:
Над ціхім помнікам буслы.
Жыццё лунае над блакітам.
І, можа, воінам забітым
Прысніліся буслы вясны.
Буслы. Яны прыносяць зноў
Крыклівых немаўлят у хаты...
Спакойна могуць спаць салдаты
Пад мірным клёкатам буслоў.