
На цэнтральнай плошчы майго старажытнага Полацка прыцягвае ўвагу жыхароў і гасцей горада туевая алея; дрэвам жыцця называюць спецыялісты і аматары гэтую пухнатую прыгожую расліну. Туя трапіла да нас з паўднёва-ўсходняй часткі Канады і паўночнай часткі ЗША некалькі стагоддзяў таму. Яна прыжылася да нашага клімату і цяпер нярэдка ўпрыгожвае паркі і плошчы нашых гарадоў.
А ў Полацк дрэва жыцця трапіла дзякуючы супрацоўнікам Цэнтральнага батанічнага сада нашай сталіцы і яго тадышняга дырэктара акадэміка Рашэтнікава.
З Уладзімірам Мікалаевічам мы пазнаёміліся дзякуючы Полацкаму зямляцтву, не аднойчы разам бывалі на радзіме, не раз абмяркоўвалі навіны з нашых родных краёў.
Увогуле, Уладзімір Рашэтнікаў – асоба проста легендарная. Як трапна заўважылі мае калегі-журналісты, Уладзімір Мікалаевіч першым навучыў беларусаў вырошчваць журавіны памерам з перапёлчына яйка на хатнім гародзе. Першым у краіне пачаў даследаванні бялкоў раслін. Даў поўную і ўсебаковую біяхімічную характарыстыку гатункам бульбы. Зараз ён працуе загадчыкам аддзела біяхіміі і біятэхналогіі раслін Цэнтральнага батанічнага сада НАН Беларусі.
Рашэтнікаў – аўтар больш за чатырыста навуковых прац, прафесар, заслужаны дзеяч навукі Рэспублікі Беларусь.
Нядаўна ён адзначыў сваё васьмідзесядзігоддзе. І вось, рыхтуючыся да сустрэчы са знакамітым земляком у студыі нашага радыё, я нечакана ў яго біяграфіі не знайшоў упамінання пра наш Полацк.
На маё пытанне, як так атрымалася, Уладзімр Мікалаевіч сказаў, што ў Полацку ён па-сутнасці жыў толькі пару гадоў у дзіцячым узросце, але заўсёды лічыў і лічыць старажытны горад сваёй малой радзімай.
Што ж , як сказаў паэт, «ёсць полацкі менталітэт». Любоўю і ўвагай да, кажучы словамі Скарыны, месца, адкуль пайшоў у свет, прасякнута жыццё маіх добрых знаёмых маскоўскіх прафесараў — медыкаў Кірыла Прашчаева і Андрэя Ільніцкага. Іх можна часта сустрэць на полацкіх вуліцах, на выставах і канцэртных залах горада. Андрэю Ільніцкаму любоў і пашану да роднага горада прывіў бацька, які доўгі час узначальваў Полацкі гісторыка-культурны запаведнік, быў сапраўдным апантаным патрыётам родных мясцін.
Прыцягвае малая радзіма і дацэнта БНТУ, былога дырэктара аднаго з полацкіх прадпрыемстваў Уладзіміра Цялежнікава. Падчас сваёй працы ў горадзе ён быў адным з ініцыятараў стварэння мастацкай галерэі “Рыса”, прымаў удзел у выданні кнігі пра полацкую даўніну. А сёння разам з іншымі энтузіястамі працуе над праектам рэгенерацыі старажытных куткоў горада.
Не забываюць пра свае родныя мясціны і іншыя славутыя палачане – пісьменнікі, артысты, мастакі.
Родны край, малая радзіма!
Некалі ў мяне нарадзіліся такія радкі:
Бо як жа быць магло іначай,
Бо там ляжаць мае бацькі.
Яны маёй Сцяною плачу
Там засталіся на вякі.
Бо там Сафійкі вежы-рукі
У атачэнні дужых дрэў.
І там я словам беларускім
Аднойчы моцна захварэў…
“Гукае ласкай родны край”, – так мы на нашым міжнародным радыё “Беларусь” назвалі інтэрактыўную акцыю для нашых слухачоў. І прыемна, што пра сваю малую радзіму памятаюць і шлюць прывітальныя цёплыя словы нашы землякі, выхадцы з розных месцаў Беларусі, якія жывуць у многіх іншых краінах.
І гэта святы абавязак памятаць пра свае карані, я веру, грэе цяплом і ўдзячнасцю іх сэрцы.
І хай пра гэтае нагадвае ўсім нам толькі што аб’яўлены ў краіне год, прысвечаны малой радзіме!