Падзяліцца:
Роздум. Заўтрашні дзень. Радыёблог Навума Гальпяровіча (аўдыё)
5 Студзеня 2017
Роздум. Заўтрашні дзень. Радыёблог Навума Гальпяровіча (аўдыё) Думаю, не толькі для мяне гэты першы месяц года, які завецца “студзень”, напоўнены чароўным настроем свята, спадзяваннямі на добрыя здзяйсненні, на радасныя навіны. Усе мы ў нечым ператвараемся ў дзяцей з іх светлымі мроямі і чаканнямі цудаў. А для віцебскай малышкі Паліны 2017 год стане самым знакавым годам. Менавіта ў першыя гадзіны, дакладней праз пятнаццаць хвілін, калі гадзіннік адбіў дванаццаць, яна нарадзілася на свет. Сёлетні новы год я сустракаў з унукам, якому хоць толькі два з паловай гады, але гэта ўжо вельмі цікавы і самабытны хлапчук, які спазнае свет і атрымлівае першы свой жыццёвы досвед. Гледзячы на гэтага роднага маленькага чалавека сэрца напаўнялася невымернай пяшчотай, магутным жаданнем абараніць яго ад усіх магчымых жыццёвых бур і навалаў, розных іншых непамыслот, якія сустрэнуцца ў ягоным жыцці! І ў той жа час не хацелася б, каб ён быў бездапаможны і слабы перад выклікамі, што чакаюць на будучым жыццёвым шляху. Вось гэтае паяднанне жаданняў абараніць і навучыць сіле і мужнасці, думаю , характэрна для большасці людзей ва ўсім свеце. Дзеці – гэта, безумоўна, самы галоўны скарб не толькі для тых, хто іх нарадзіў ці выхоўвае, - для любога грамадства, бо гэта наш заўтрашні дзень, працяг таго, што зроблена папярэднікамі. Таму ў нашай краіне і напярэдадні новага года, і ў час цяперашніх зімовых канікулаў такая ўвага да юных грамадзян з боку прэсы, розных дзяржаўных і грамадскіх устаноў і іх кіраўніцтва. Важна толькі, каб гэта не сталася толькі чарговымі ўрачыстымі акцыямі, каб увага да выхавання юных грамадзян не абмяжоўвалася толькі параднымі імпрэзамі. Дзеці сёння вельмі хутка далучаюцца да ўсіх дасягненняў сучаснай цывілізацыі, яны хутчэй, чым многія дарослыя, асвойваюць камп’ютары і мабільныя прылады. Майму ўнуку, да прыкладу, на новы год, бацькі падарылі лялечны планшэт, і ён, у свае два з паловай года, ўпэнена націскаў кнопкі, выклікаючы тую ці іншую функцыю. А як жа тады веры ў цуды, традыцыйныя казкі, свет чароўнага і неспазнанага? У першы дзень новага года адзначыла 35-годдзе, бадай, самая папулярная дзіцячая праграма беларускага тэлебачання — «Калыханка». На вячэрніх казках з нацыянальным каларытам вырасла не адно пакаленне гледачоў, многія з якіх памятаюць улюбёных лялечных герояў — Дзеда-Барадзеда, хлопчыка Васілька і дзяўчынку Васілінку, сабачку Цяву і зайца Вастравушыка ды іншых, і, канешне, славутую песню «Калыханкі» на музыку Васіля Раінчыка з цудоўнымі вершамі Генадзя Бураўкіна. У кніжных крамах паболела яркіх кніг і кніжачак для дзятвы, у тым ліку на беларускай мове, у дні канікул для юных грамадзян шырока адчынены дзверы кінатэатраў і музеяў, розных забаўляльных устаноў, спартыўных пляцовак. І ўсё ж… Усё часцей бацькі скардзяцца на непаразуменне паміж імі і ўласнымі дзеткамі, настаўнікі – на непавагу, а то і адкрытую агрэсію з боку некаторых вучняў, усе разам – на тое, што ў некаторых юных змяніліся каштоўнасныя арыентыры, што яны грэбуюць вопытам старэйшых пакаленняў. І не бачаць, што прычыну трэба шукаць у нас саміх сабе, у тым, як мы ставімся да выхавання дзяцей з самага малога ўзросту. Як часта, адорваючы ўласных пестункоў самымі дарагімі падарункамі, прывучаем іх да пагарды і высакамер’я да іншых дзетак менш заможных бацькоў, сеем няроўнасць і зайздрасць, якая пачынаецца яшчэ ў дзіцячым садку. А далей – больш. Прэстыжныя гурткі і школы, спартыўныя секцыі, куды маці любяць вазіць сыночкаў і дочак на дарагіх машынах, мабільнікі і вопратка… А побач – дзеці адзінокіх матуль, шматдзетных сем’яў, выхаванцы дзіцячых дамоў… І як растлумачыць, што грамадства будзе цаніць будучыню краіны не па вопратцы, а па розуму, што талент і здольнасці да навук не купіш за грошы… Сёння небяспеку для юных душ нясе разгул адкрытай непрыстойнасці, якім поўны інтэрнэт, некаторыя СМІ, асабліва замежныя, настойлівае папіранне традыцыйных каштоўнасцяў, пачасціліся выпадкі сексуальнага гвалту да малалетніх… Можна яшчэ назваць шмат пагроз і выклікаў нашага часу ў адносінах да выхавання юнага пакалення. І колькі б ні спрачаліся бацькі і настаўнікі, хто пярвейшы, хто больш адказны, колькі б ні гучала яркіх прамоў на розных пасяджэннях і круглых сталах, пакуль мы ўсе разам, агульнай талакой не адчуем, што за тое, кім вырастуць нашы дзеці, адказваць нікому, акрамя нас саміх, усё гэта застанецца толькі словамі і намерамі... Таму адкладзём на будучае не самыя важныя справы, знойдзем час для ўласных дзетак і ўнукаў, і зазірнём разам з імі ў наш заўтрашні дзень!
Каб пакінуць каментар, аўтарызуйцеся:
Войти как пользователь
Вы можете войти на сайт, если вы зарегистрированы на одном из этих сервисов: