Падзяліцца:
26 студзеня 2017
Сярод самых абмяркоўваемых апошнім часам тэм і ў прэсе, і ў сацыяльных сетках, і ў прыватных размовах – школа, выхаванне і навучанне нашых дзетак. Тым больш, што інфармацыйныя нагоды гэтаму актыўна “падкідвае” Міністэрства адукацыі, якое выступіла апошнім часам з шэрагам ініцыятыў, накіраваных на ўдасканальванне ўсяго педагагічнага і навучальнага працэсу. Возьмем, да прыкладу, нядаўнюю пастанову аб забароне бацькоўскім камітэтам збіраць наяўныя грошы на рамонт класаў і іншыя патрэбы дзяцей, на якія, па думках бацькоў, не можа ў поўным стане выдаткоўваць сродкі дзяржава. Па-рознаму адрэагавалі на гэта клапатлівыя мамы і таты, дзядулі і бабулі. Што ўжо тут граха ўтойваць: шмат гаспадарчых праблем школы бацькі прывыклі браць на сябе. Але часам гэтыя клопаты ператвараліся ў сапраўдныя паборы, калі няроўныя даходы сем’яў станавіліся не толькі фінансавай, але ў многім і маральнай праблемай. Вось адзін толькі водгук з інтэрнэта: “Даўно было пара. У некаторых школах з-за празмернай актыўнасці бацькоў дайшло да абсурду. Збіралася на рамонт класа не адна тысяча долараў, а потым ужо не ведалі куды патраціць…” Відаць, аўтар допісу мае адпаведны досвед. А ўявіце, колькі ў такім разе павінны былі, па задуме такіх шчодрых давальнікаў, сабраць бацькі дзетак скажам не элітнай, а звычайнай сельскай школы, асабліва са шматдетных сем’яў! Яшчэ адна ініцыятыва міністэрства выклікала бурную рэакцыю. Размова ідзе пра школьную суботу. Па задуме гэта зроблена, каб зменшыць вучэбную нагрузку на працягу тыдня. Некаторыя інтэрнэт-карыстальнікі адразу ж усчалі палеміку, маўляў, пазбаўляем і дзетак, і настаўнікаў вольнага часу, адпачынку. У загадзе ж міністэрства гаворыцца, што такая форма як кансультацыі з бацькамі па пытаннях навучання дзяцей выносіцца на шосты школьны дзень, так як функцыя бацькоў у адукацыйным працэсе вельмі важная. Калі ў вучня не атрымліваецца самастойна рашыць задачу ці справіцца з іншым вучэбным матэрыялам, бацькі могуць у свой вольны дзень пагаварыць пра гэта з настаўнікам, каб, па словах міністра, “агульнымі намаганнямі рашыць праблему разумення дзіцём таго ці іншага матэрыялу”. А скажыце шчыра: ці ўсе бацькі ўдзяляюць дзецям належную ўвагу ў свае выхадныя дні? І ці ўсе дзеці аддаюць належную ўвагу падрыхтоўцы ўрокаў як у час рабочай пяцідзёнкі і тым больш – у выхадныя? І чамусьці не надта турбуе некаторых не перагрузка малых вучэбным матэрыялам, а бясконцае праседжванне імі перад камп’ютарам, рознымі мабільнымі прыладамі, гаджэтамі і г.д. Не кажучы ўжо пра тое часам бяздумнае і небяспечнае бадзянне па дварах, падвалах, на вуліцы… А колькі віртуальных і жывых небяспек падсцерагае нашых дзетак, асабліва калі яны пакінутыя сам-насам са сваімі штодзённымі праблемамі! Увогуле, у пагоні за самымі рознымі эксперыментамі ў навучанні стала знікаць само разуменне школы як месца не толькі атрымання ведаў, а і выхаваня асобы. Самы звычайны ўрок павінен спрыяць выхаванню. Любы творчы настаўнік павінен дапоўніць змест падручнікаў дадатковымі матэрыяламі, якія спрыяюць рэалізацыі выхаваўчага патэнцыялу ўрока. Гэта тычыцца і дакладных навук, і, безумоўна, урокаў мовы і літаратуры. Літаратура прымушае задумацца над дабром і злом, супрацьстаіць спакуслівым і бяздумным ідэям, якія пранізваюць сучасную прастору. Дарэчы, міжнародныя даследаванні сведчаць, што сучасныя дзеці чытаюць не толькі менш, але і значна горш, чым іх равеснікі 20-30 гадоў назад. Галоўная праблема – у асэнсаванні і разуменні прачытанага, уменні ўсвядоміць, што хацеў сказаць аўтар. Школа – своесаблівае люстэрка грамадства. І мы павінны з зацікаўленасцю глядзець у гэтае люстэрка, каб бачыць усё дадатнае і негатыўнае, каб шукаць і знаходзіць патрэбныя адказы на выклікі часу ў нашым вірлівым штодзённым жыцці.
Каб пакінуць каментар, аўтарызуйцеся: