Падзяліцца:
Роздум. Захавальнікі спадчыны. Радыёблог Навума Гальпяровіча (аўдыё)
15 снежня 2016
Роздум. Захавальнікі спадчыны. Радыёблог Навума Гальпяровіча (аўдыё) Напярэдадні адкрыцця новай экспазіцыі, прысвечанай 125-годдзю Максіма Багдановіча, у час тэлефоннай гутаркі загадчыца музея Марына Запартыка прызналася, што яна разам з калегамі знаходзіцца ў надзвычайным хваляванні: ідзе да завяршэння напружаная праца пяці апошніх гадоў, праца, поўная адкрыццяў і ўзрушэнняў, засмучэнняў і радасці, нечаканых праблем і шчаслівага іх вырашэння… Гэта мы часам не заўважаем, наколькі складаная і не заўсёды заўважная праца музейнага работніка. На шчасце, на гэты раз адзнака дзейнасці калектыву была ўдзячнай і справядлівай. Яе агучыла першы намеснік міністра культуры Ірына Дрыга: “Юбілей Максіма Багдановіча – наша агульнае свята, але асабліва значны гэты дзень для тых, хто шмат гадоў вывучае, даследуе яго спадчыну, ствараў і зберагае фонды музея паэта, - сказала яна. - Усе мы – яго нашчадкі. Таму і адкрыццё абноўленай экспазіцыі музея паэта – вялікі падарунак усім у дзень яго 125-годдзя. Гэта наш сучасны погляд, тут гістарычныя рэчы спалучаюцца з новымі музейнымі тэхналогіямі. Але самае галоўнае ў музеі – людзі, якія тут працуюць. Яны вельмі годныя, адукаваныя, шмат ведаюць і аддана працуюць дзеля захавання і папулярызацыі спадчыны Максіма”. Гэта было чуць прыемна, бо за апошнія гады вакол музея і будучай экспазіцыі было нямала чутак і розных непамыслот. Некаторыя гарачыя галовы нават сцвярджалі, што ўстанова губляе памяшканне, што новай экспазіцыі не будзе, што музейныя работнікі нібыта не адстойваюць светлае імя і значную постаць паэта… На шчасце, і святкаванне юбілею на высокім дзяржаўным узроўні, і адкрыццё экспазіцыі ў адрамантаваным і па-святочнаму ўбраным музейным памяшканні паспяхова абвергла ўсе чуткі і домыслы. І нават скептыкі мусілі прызнаць, што іх песімістычныя прагнозы не апраўдаліся. Што ж тычыцца ўласна музейшчыкаў, то мы яшчэ раз змаглі пераканацца, наколькі патрэбная і важная гэтая прафесія, колькі яна патрабуе і душэўных сіл, і мудрасці, і высокага служэння роднай культуры. Я бы мог расказаць больш аб тых прыгожых і адукаваных супрацоўніках музея Багдановіча, аб іх цікавых праектах, аб шматлікіх захапляючых імпрэзах, якія яны праводзяць у сваім музеі, але мне не менш прыемна гаварыць і аб іх калегах з іншых сталічных і несталічных музеяў. Я ўжо ўзгадваў пра свае першыя ўражанні ад свайго наведання разам з аднакласнікамі краязнаўчага музея ў родным Полацку. З таго часу і сама музейная праца, і ўзровень тых, хто ёй займаецца, непараўнальна змяніліся. Узяць, скажам, наш Нацыянальны мастацкі музей. Сёння ён адзін з лепшых у Еўропе. Ад сціплай выставачнай галерэі ён зараз вырастае ў цэлы музейны квартал з канферэнц-заламі, утульнымі кафэ, аглядальнымі пляцоўкамі, прэс-цэнтрамі і г.д. І ўсё – дзякуючы ініцыятыве музейных работнікаў на чале з заслужаным дзеячам культуры Беларусі Уладзімірам Пракапцовым. Гэта яны вынасілі ідэю, пераканалі ўладныя структуры, дабіліся важкай дзяржаўнай падтрымкі. Сёння у музей з ахвотай вязуць свае экспанаты і Луўр, і Эрмітаж, і іншыя буйнейшыя і аўтарытэтныя музеі свету. А ў маім родным Полацку разам са старэйшым краязнаўчым музеем паўсталі яшчэ адзінаццаць музейных устаноў, сярод якіх адзіны ў краіне музей беларускага кнігадрукавання. А музейныя комплексы Нясвіжа, Міра, Ліды, Завосся, якія адпавядаюць усім міжнародным стандартам! Але, на жаль, мы яшчэ часам не аддаем усяго належнага гэтай катэгорыі работнікаў культуры. Асабліва гэта заўважаецца ў невялікіх гарадах і раённых цэнтрах. Застарэлы погляд на іх працу, яе значэнне ўвасабляеца ў адносіны па так званаму астаткаваму прынцыпу. Не так часта некаторыя мясцовыя начальнікі з увагай і цікавасцю ставяцца да работы музейных устаноў, да тых, хто яе ажыццяўляе. Не да ўсіх пакуль у поўнай меры даходзіць, што ў гэтых вельмі важных і патрэбных установах фарміруецца высокі патрыятызм, глыбокае разуменне ўласнай гісторыі, разуменне, на якім падмурку будуецца будучыня нашай суверэннай дзяржавы. А што тычыцца тых выдатных спецыялістаў, высокаадукаваных і крэатыўных асоб, якія працуюць у нашых музеях, то цёплае слова пра іх і высокая ацэнка іх працы заўсёды будуць да месца...
Каб пакінуць каментар, аўтарызуйцеся: