Падзяліцца:
“Роздум. Захаваць архітэктурнае багацце...” Радыёблог Навума Гальпяровіча (аўдыё)
6 Снежня 2018
“Роздум. Захаваць архітэктурнае багацце...” Радыёблог Навума Гальпяровіча (аўдыё) У маім дзяцінстве старажытны Полацк сваім вонкавым выглядам не нагадваў сённяшні. Сляды ваенных разбурэнняў былі паўсюль, горад адбудоўваўся, загойваў раны. І старажытныя будынкі зеўралі пустатой і разбурэннем. Стаяла амаль без купалоў Крыжаўзвіжанская царква на тэрыторыі Спаса-Ефрасіннеўскага манастыра, у Сафійскім саборы быў склад, у запусценні і занядбанні былі Багаяўленскі сабор, былое памяшканне брацкай школы Сімяона Полацкага, Мікалаеўскі сабор, які ўрэшты ўзарвалі і знеслі ў 1964 годзе… І ніхто, бадай, акрамя гісторыкаў і рэстаўратараў не клапаціўся, каб захаваць гэтыя шэдэўры старажытнага дойлідства. Затое якім святам сталася для тых, хто любіў і ганарыўся сваім горадам, стварэнне гісторыка-археалагічнага запаведніка, аднаўленне і рэстаўрацыя помнікаў, якімі сёння любуюцца сотні і тысячы гасцей старажытнага горада. Так было не толькі ў Полацку. Наш край мае сотні ўнікальных аб’ектаў старажытнага архітэктурнага мастацтва, і сёння праца рэстаўратараў мае надзвычай велізарнае значэнне. Возьмем хаця б унікальную Каложскую царкву ў Гродне. Гэта выключны помнік архітэктуры. Ён адзін з нешматлікіх аб’ектаў XII стагоддзя, кожны з якіх нясе нам унікальную інфармацыю. Каложская царква характэрная тым, што ёй цяжка знайсці аналагі за межамі старажытнай Гародні. Важна правядзенне рэстаўрацыйных работ, якія дазволяць захаваць нам кожную часцінку гісторыі. У сярэдзіне снежня храм будзе адкрыты ў абноўленым выглядзе. У пачатку 2018 года былі завершаны работы па капітальным рамонце драўлянай сцяны храма. Тады была адноўлена апорная здольнасць каркаса будынка, сцяна была выраўнаваная па гарызанталі і вертыкалі, заменена абшыўка фасада. Таксама ў гэтым годзе было выканана добраўпарадкаванне тэрыторыі вакол храма. Зараз завяршаюцца працы ўнутры Каложскай царквы: замененыя столь, падлога ў алтарнай частцы, узводзяцца балкон для пеўчых, галерэя. Унікальная знаходка выяўлена ў час рэстаўрацыі царквы абарончага тыпу, што знаходзіцца ў Сынкавічах Зэльвенскага раёна. На паўднёвай сцяне храма пад слаямі фарбы і тынкоўкі хаваліся старажытныя графіці, якія ўтрымліваюць цытату з Евангелля на старажытнагрэчаскай мове. Дата, указаная побач з надпісамі, дазваляе гаварыць пра тое, што гэта царква намнога старэйшая, хоць лічыцца, што храму ў Сынкавічах больш за 600 гадоў, І такіх прыкладаў аднаўлення старажытных будынкаў нямала. Разам з тым існуе праблема, што айчынныя рэстаўратары не спраўляюцца з вялікім аб’ёмам па рэстаўрацыі ўсіх унікальных аб’ектаў нашай гісторыі. Тады за рамонт і рэстаўрацыю бяруцца неспецыялісты, настаяцелі храмаў, што прыводзіць да страты непаўторнасці і ўнікальнасці помнікаў. Як сведчаць гісторыкі і архітэктары, патрэбна падрыхтоўка спецыялістаў па абароне гісторыка-культурнай спадчыны, перш за ўсё на ўзроўні мясцовага кіравання, якія маглі б правесці маніторынг аб'ектаў спадчыны, вызначыць тыя неабходныя віды работ і ведаць, з кім пракансультавацца. І аднаму Міністэрству культуры тут не справіцца. Як адзначалася нядаўна на круглым стале, які правяла парламенцкая камісія Палаты прадстаўнікоў па адукацыі, навуцы і культуры, калі мы кажам, што гэта наша агульная спадчына, то павінен быць удзел дзяржавы, няхай гэтая доля не будзе вялікай, але на аб'ектах, якія патрабуюць рамонту, павінна быць ініцыятыва ад мясцовай улады. “Павінна быць унесена норма аб абавязковым ліцэнзаванні рэстаўрацыйных работ, таму што на сённяшні дзень любая будаўнічая арганізацыя можа атрымаць права на правядзенне работ. Паколькі гэта пытанне яшчэ і бюджэтных грошай, узнікаюць пэўныя карупцыйныя моманты. І калі грошы, якія павінны траціцца на рэстаўрацыю, трацяцца на банальны рамонт, прычым не самы якасны, то гэта павінна быць рэгламентавана”, - заявіў падчас абмеркавання старшыня камісіі доктар гістарычных навук Ігар Марзалюк. Што ж, час сёння патрабуе прафесійнага і грунтоўнага стаўлення да нашай матэрыяльнай спадчыны, бо захаваўшы наша архітэктурнае багацце, мы пакінем для нашчадкаў прыгожае і магутнае аблічча нашай цудоўнай краіны.
Каб пакінуць каментар, аўтарызуйцеся:
Войти как пользователь
Вы можете войти на сайт, если вы зарегистрированы на одном из этих сервисов: