Падзяліцца:
“Роздум. Захаваць найбагацейшы скарб айчыннай гісторыі”. Радыёблог Навума Гальпяровіча (аўдыё)
6 Жніўня 2019
“Роздум. Захаваць найбагацейшы скарб айчыннай гісторыі”. Радыёблог Навума Гальпяровіча (аўдыё) Нядаўна былі ў мяне госці з Санкт-Пецярбурга – мілая сямейная пара, ён родам з Беларусі, але даўно жыве ў паўночнай сталіцы Расіі, яна – карэнная расіянка. Адпачывалі ў Грэцыі, а тыдзень, які застаўся ад адпачынку, рашылі правесці на радзіме мужа. – Знаеш, – даверліва прызнаўся ён, – аб’ездзіў, здаецца, паўсвету, але ў родных краях сто гадоў не бываў. Ёсць тут, у нас, на што паглядзець? – Так, – пацвердзіла жонка, – было б цікава, калі што ёсць адметнае, старадаўняе, замкі якія-небудзь, палацы… Мы паехалі на іх машыне па маршруце Мір–Нясвіж. Сказаць, што ім спадабалася, будзе надта сціпла. Яны проста былі ўражаны – і музейнай экспазіцыяй, і старажытным нясвіжскім паркам, і аграмадным наплывам турыстычных груп, сярод якіх было нямала іншаземцаў. – Ніколі не думалі, што ў вас такая цікавая і багатая гісторыя, – прызналася жанчына, дарэчы, педагог з вышэйшай адукацыяй. Так, за апошнія больш як два дзесяцігоддзі ў нас адноўлена і адрэстаўравана столькі знакавых беларускіх помнікаў, колькі не было зроблена за ўсё дваццатае стагоддзе. Памятаю выгляд таго ж Мірскага замка, калі першы раз у свае маладыя гады прыехаў сюды з сябрамі з нашага літаратурнага аб’яднання “Крыніцы”. Здалося тады, што ўдыхнуць новае жыццё ў гэтыя старажытныя муры проста немагчыма, а сёння ў шматлікіх амкавых пакоях экскурсаводы паказваюць, як жылі, чым цікавіліся нашы продкі. На маіх вачах вярталася цікавае архітэктурнае аблічча майго роднага Полацка, і цяпер на яго вуліцах таксама можна сустрэць нямала турыстычных груп, якія любуюцца выдатнасцямі горада, які па-праву сёння называюць калыскай беларускай дзяржаўнасці. Замкі і ратушы, як засведчыў вядомы гісторык і палітык Ігар Марзалюк –маркеры еўрапейскай беларускай гісторыі. У нашай краіне па яго словах ёсць такая адметнасць, якая лучыць нас з Усходам і Захадам, з еўрапейскай культурнай традыцыяй. Сапраўды, ранейшае ўяўленне пра нашу зямлю, як забітую ўскраіну, дзе жылі толькі бедныя сяляне, якіх прыгняталі жорсткія паны, дзе не было асветы і адукацыі, пасля наведання нашых гарадоў, знаёмства з нашымі гістарычнымі помнікамі, мякка кажучы, мяняецца. Ды і нам самім цікава зазірнуць у нашу гістарычную спадчыну, адчуць, што мы маем цікавую і самабытную гісторыю, культуру. Сёння многія вучоныя, даследчыкі называюць гэта архітэктурным суверэнітэтам. Дарэчы, далёка не ўсе перліны айчыннага дойлідства набылі новае цікавае жыццё. Яшчэ нямала былых панскіх сядзіб, замкаў, храмаў, іншых унікальных старадаўніх збудаванняў чакаюць свайго часу, каб паўстаць у абноўленым выглядзе перад вачамі нашых сучаснікаў. На гэты конт сёння існуюць розныя думкі. Адны прапаноўваюць не аднаўляць цалкам старажытную забудову, проста закансерваваць каштоўныя руіны, каб захаваць спрадвечную аўру, якую намалююць у сваім уяўленні зацікаўленыя турысты, другія за тое, каб замкі і храмы паўсталі ў тым выглядзе, у якім яны былі да разбурэння, каб нават прыстасаваць некаторыя для сучасных культурных патрэб. Па іх словах ёсць помнікі, якія не проста помнікі, яны знакі матэрыяльнай культуры. І іх трэба аднаўляць дакладна па малюнках і чарцяжах таго часу. Думаецца, што абодва падыходы трэба ўраўняць адной ідэяй – трэба праводзіць растаўрацыю і кансервацыю ў залежнасці ад гістарычнай і архітэктурнай значнасці аб’екта. Зрэшты, падобнай работы хопіць яшчэ на многія гады. І гэта добра, таму што нас чакае шмат адкрыццяў, шмат эмацыянальных узрушэнняў, шмат прычын для гордасці за свой край, яго гісторыю і культуру.
Каб пакінуць каментар, аўтарызуйцеся:
Войти как пользователь
Вы можете войти на сайт, если вы зарегистрированы на одном из этих сервисов: