Падзяліцца:
11 мая 2017
За вокнамі студыі – маладая веснавая зеляніна. І хоць не песціць нас сёлетні май пакуль што добрым надвор’ем, але вясна ўсё ж перамагае, і яе прыкметы як раз у гэтым свежым зялёным буянні. Нездарма ж старажытная назва гэтага месяца ў беларусаў – травень. Вось якія народныя прыкметы існавалі на гэты вясновы месяц: У травень будзе мужык управен. Май халодны — не будзеш галодны. Мокра ў маі — будуць пышныя караваі. Як я ўжо казаў, сучаснай беларускай літаратурнай назве месяца "май" адпавядае старажытнабеларуская "травень", якая паходзіць ад слова "трава", бо ў гэтым, пятым месяцы года, зямля пакрываецца зялёным размаітым дываном. Такое найменне захавалася не толькі ў старажытных пісьмовых крыніцах, але і ў вуснай народнай творчасці. Май — адзіная ў нас назва, узятая з лацінскай мовы. Тая ж лацінская аснова таксама ў нямецкай і французскай мовах. Рымляне прысвячалі месяц багіні зямлі Маі. У канцы красавіка і пачатку мая яны адзначалі вясёлае свята Фларэлія ў гонар багіні кветак Флоры. У прыватнасці, у першы дзень апошняга месяца вясны быў звычай садзіць дрэва, што называлі «маем». У славян, у тым ліку беларусаў, захаваліся абрады з «маем» на Сёмуху. Падобны ў нас і старажытных рымлян абрад ўшанавання памяці нябожчыкаў. Увогуле, з прыходам вясны ў людзей заўсёды з’яўляецца пазітыўны добры настрой, спадзевы на лепшае ў жыцці. Гэты настрой спрыяў веснавым народным святам. Адным з іх быў “Ляльнік”. Свята заклікання вясны ў гонар багіні Лады (Лялі). Дзяўчаты на лузе выбіралі самую прыгожую сяброўку, апраналі ў белую кашулю, упрыгожвалі зялёнымі галінкамі, вянком з кветак і саджалі сярод малочных пачастункаў. Вадзілі каля яе карагоды і спявалі. Яшчэ адно майскае або травеньскае свята “Юрый”. Даўняе земляробчае свята першага выгану кароў. Юрый (Ягорый) – апякун жывелы і земляробства, жаўнераў і гаспадар ваўкоў. Па перакананнях даследчыкаў хрысціянскі святы замяніў Ярылу, Сына Лады і Дажбога (сонца), апекуна ўрадлівасці і кахання. Пра свята гаварылі: «Да Юр'я корму і ў дурня», «Юр'ева раса – не трэба каням аўса». За гады хрысціянства Юрый (Георгій) набыў асаблівую папулярнасць. 6 траўня адзначаецца царквою дзень вялікапакутніка Георгія Перамоганосца. Юрый-Ягорый – самы папулярны вобраз у беларускім фальклоры, які звязаны з гісторыяй хрысціянства. Яму прысвечаны казкі, легенды, замовы, прыказкі, абрадавыя гульні і карагоды, песні. Прыемна, што гэтая традыцыя захавалася да нашых дзён і прэтэндуе на статус помніка нематэрыяльных каштоўнасцяў ЮНЭСКА. У вёсцы Пагост Жыткавіцкага раёна святкуюць, як і даўнія продкі: выходзяць усёй вёскай на поле, каб «адамкнуць» зямельку, узяцца за рукі і ўславіць першую зеляніну і жыватворныя сілы прыроды. Прайшло гэта свята сёлета таксама ў некаторых іншых мясцінах краіны. А ў дваццатых чыслах мая ў народзе адзначалася свята “Алісей” або “Аўсей”. "Прыйшоў Алісей – авес пасей". Безумоўна, мы жывём у іншы час. І сёння забавы і звычаі зусім іншыя. Нашы дзеці гуляюць у камп’ютарныя гульні, шукаюць пакемонаў, збіраюць бонсцікаў, захапляюцца зорнымі войнамі і Гары Потэрам. Але ведаць і шанаваць традыцыі сваёй зямлі, памяць продкаў – гэта значыць усведамляць сябе грамадзянінам, прыналежным да свайго народа, сваёй Радзімы. Без мінулага не будзе і будучыні. Гэты крылаты выраз падыходзіць і да захавання самабытнага фальклору, традыцый, мовы кожнага народа. Таму і патрэбныя нам па-ранейшаму нашы традыцыйныя святы і абрады.
Каб пакінуць каментар, аўтарызуйцеся: