
З дзяцінства адным з самых любімых месцаў, дзе праводзіў шмат вольнага часу, была для мяне бібліятэка; заварожваў чароўны свет кніжных полак, дзе захоўвалася ўсё багацце свету: і казкі, і любімыя аповяды, і цікавыя гістарычныя звесткі.
З тых часоў маё ўяўленне пра бібліятэчны свет папоўнілася новымі ўражаннямі, і я ў бачыў у асобе бібліятэчных работнікаў і цікавых даследчыкаў, і падарожнікаў, і шукальнікаў невядомых кніжных скарбаў.
Асабліва гэта праявілася для мяне летась, у год 500-годдзя беларускага кнігадрукавання. Колькі яркіх старонак адкрылася нам, дзякуючы працы і пошуку калектыву Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі, які быў нядаўна адзначаны Прэміяй Прэзідэнта краіны “За духоўнае адраджэнне”!
Прыемна, што па словах кіраўніка бібліятэкі Рамана Матульскага, вялікая работа па ўвядзенні ў навуковы абарот шэрагу іншых помнікаў кніжнай культуры, імёнаў і падзей, якімі можа ганарыцца Беларусь, будзе працягвацца.
А наша кніжная спадчына мае сапраўды багатую гісторыю. Вось толькі некалькі прыкладаў.
Да нас дайшлі тры старажытныя рукапісы XII—XIV стст. з сярэднявечнага Полацка. Гэтыя помнікі кніжнай культуры Беларусі эпохі сярэднявечча напісаны царкоўнаславянскай моваю на пергаменце. Больш старажытны рукапіс Полацкага евангелля створаны ў канцы XII ст. і належаў Траецкаму манастыру ў Полацку.
А “Баркулабаўскі летапіс” – першая мясцовая хроніка ў беларускім пісьменстве!.. Панарамнае апавяданне пра гістарычныя падзеі і эмацыянальныя ўспаміны аўтара. Спалучэнне агульнадзяржаўнага і мясцовага патрыятызму.
Значнай увагі заслугоўвае кніжная спадчына Сімяона Полацкага.
“Акафіст” і “Канон” – першыя вершаваныя творы Сімяона. Вершы на старабеларускай, старапольскай, лацінскай мовах. Ён быў сапраўдным, кажучы сучаснай мовай, авнгардыстам у паэзіі. Вершы-паліндромы, вершы-асіндэтоны, вершы-рэха, акравершы і іншыя.
Сімяон Полацкі – першы прыдворны паэт Маскоўскай дзяржавы, заснавальнік Заіконаспаскай вучэльні, Верхняй друкарні. Сімяон – ініцыятар стварэння тэатра ў Маскве. Сімяон Полацкі – пачынальнік рускай новалацінскай паэзіі, першы прадстаўнік стылю барока ў літаратуры Маскоўскай дзяржавы.
У 1630 годзе пры Куцеінскім манастыры пад Оршай пачала сваю дзейнасць друкарня пад кіраўніцтвам Спірыдона Собаля. У Куцейне Собаль пачаў працаваць над Псалтыром з дадатковымі главамі. Апрача «Псалтыра» ён надрукаваў тры кнігі – «Буквар», «Малітваслоў», «Часаслоў». Манахі Куцеінскага манастыра пачалі выпускаць творы сучасных на той час аўтараў, а таксама павучальныя кнігі. Упершыню ў гісторыі беларускага кірылаўскага кнігадрукавання ў Куцейне з'явілася свецкая жанравая ілюстрацыя. Майстры куцеінскай друкарні дасягнулі значных поспехаў у развіцці беларускай кніжнай ксілаграфіі.
У пачатку XVII ст. у Магілеве пры царкве ў імя ўваходу ў Іерусалім узнікла царкоўнае брацтва, якое заснавала сваю друкарню.
У XVII ст. у мястэчку Любча Навагрудскага павету існавала буйнейшая рэфармацыйная друкарня на Беларусі, у дзейнасці якой атрымалі далейшае развіццё асветніцкія, мастацкія і паліграфічныя традыцыі Францыска Скарыны. У любчанскай друкарні выдаваліся зборнікі вершаў, творы антычных аўтараў, працы гісторыкаў, філосафаў. У Любчы быў надрукаваны шэраг навуковых дапаможнікаў. Кнігі любчанскай друкарні афармляліся сціпла, выкарыстоўваліся ксілаграфіі, наборны арнамент. Упершыню ў беларускім кнігадрукаванні для ілюстрацый шырока ўжываліся гравюры на медзі.
І гэта толькі некаторыя найбольш старажытныя помнікі кніжнай культуры Беларусі.
На нядаўнім з’ездзе вучоных кіраўнік дзяржавы заклікаў гуманітарыяў шукаць адказы на новыя выклікі сучаснасці, умацоўваючы пачуццё патрыятызму, кансалідуючы грамадства. І пошукі калектыву Нацынальнай бібліятэкі скіраваны менавіта ў гэтым накірунку.
Бо, як слушна зазначыў Раман Матульскі, варта, каб у свеце нашу Беларусь успрымалі, як краіну з багатымі навуковымі, культурнымі і адукацыйнымі традыцыямі.