Падзяліцца:
19 мая 2017
На тыдні мы адзначылі Дзень музеяў. Памятаю сваё першае наведванне таямнічай музейнай прасторы. Гэта было ў маім родным Полацку, калі нас, другакласнікаў, прывяла на старадаўнюю набярэжную Дзвіны наша настаўніца Тамара Фёдараўна. І сам гатычнага стылю, з чырвонай цэглы будынак краязнаўчага музея (пазней мы даведаліся, што некалі тут быў адзін з культавых храмаў), і экспанаты зрабілі на мяне незабыўнае ўражанне. З таго часу я і палюбіў гісторыю, і не мог сабе ўявіць напачатку, што мой родны горад мае такое слаўнае мінулае, і што праз шмат гадоў у полацкія музеі будуць ездзіць экскурсанты з усяго свету. А тады гэта як на сённяшні час была вельмі сціплая ўстанова, дзе сярод галоўных экспанатаў было чучала вялізнага сама, злоўленага некалі ў Дзвіне і ядры старажытных гармат, пры дапамозе якіх даўнія полацкія воіны абаранялі горад падчас наступленняў на горад варожых салдат. Затое калі ў канцы васьмідзесятых мінулага стагоддзя мае сябры - мастакі Сяргей Дзмітрыеў і Ігар Куржалаў працавалі над афармленнем экспазіцыі музея беларускага кнігадрукавання, мой родны горад стаў набываць рысы аднаго з важнейшых гістарычных цэнтраў Беларусі. Адкрыццё музея адбылося ў верасні 1990 года падчас святкавання 500-годдзя з дня нараджэння першага беларускага і ўсходнеславянскага кнігадрукара Францыска Скарыны. Слаўныя старонкі ў гісторыю горада ўпісаў ён і яго папярэднікі. На берагах Дзвіны перапісвала кнігі Еўфрасіння Полацкая, якая стала святой апякункай Беларусі. Можна ўзгадаць таксама бібліятэку Сафійскага сабора, што існавала ў ХІ-XVI стагоддзях, а таксама бібліятэку пры Полацкім езуіцкім калегіўме, якая на пачатку ХІХ стагоддзя налічвала больш за 23 тысячы тамоў. У Полацку таксама нарадзіўся і пачынаў сваю літаратурную дзейнасць выдатны паэт, драматург, педагог XVIІ стагоддзя Сімяон Полацкі. У выніку быў створаны музей, якім Полацк па праву можа ганарыцца! Прайшоўшы па яго 15-ці залах, наведвальнік здзяйсняе захапляльнае падарожжа ў кніжны свет. Галоўная частка экспазіцыі, вядома ж, адлюстраванне жыццёвага шляху і дзейнасці першадрукара Францыска Скарыны. Асвятляецца таксама дзейнасць яго паслядоўнікаў — Сымона Буднага, Васіля Цяпінскага, Пятра Мсціслаўца і іншых. З таго часу Полацк стаў прырастаць новымі музейнымі ўстановамі. І сёння ў горадзе налічваецца ажно адзінаццаць музеяў, якія ўваходзяць у склад Нацыянальнага Полацкага музея-запаведніка. Сённня музей знаходзіцца ў складзе запаведніка, які ў 1997 г. пачаў называцца Гісторыка-культурным музеем-запаведнікам, а з 2004 г. — Нацыянальным Полацкім гісторыка-культурным музеем-запаведнікам. У горадзе цяпер працуюць 11 музеяў. Сярод іх такія ўнікальныя, як дзіцячы музей, адна з лепшых у краіне карцінная галерэя, музей традыцыйнага ручнога ткацтва Паазер’я, музей-бібліятэка Сімяона Полацкага. Гэтая незвычайная ўстанова аформлена ў стылі заходнееўрапейскай бібліятэкі XVII—XVIII стагоддзяў. У інтэр’еры — двухузроўневае размяшчэнне кніжных шафаў, бюсты вучоных, а пасярэдзіне чытальнай залы — глобус (самы вялікі ў Беларусі). Экспазіцыйная плошча складае 130 квадратных метраў, на якіх выстаўлена 145 музейных прадметаў. Акрамя таго, тут захоўваецца частка калекцыі друкаваных выданняў з фондаў Нацыянальнага Полацкага гісторыка-культурнага музея-запаведніка і фонд навуковай бібліятэкі. Такім чынам, мой родны горад набывае тое аблічча, якога заслугоўвае самае старажытнае места нашай краіны, калыска беларускай дзяржаўнасці і духоўнасці. Я памятаю мару старэйшага нашага пісьменніка, былога франтавіка і партызана, ганаровага грамадзяніна горада Алеся Савіцкага, якой ён дзяліўся са мной не раз: каб Полацк стаў урэшце горадам-музеем, гонарам сучаснай Беларусі. Будзем спадзявацца, што сёлетняе свята пісьменства ў гонар 500-годдзя беларускага кнігадрукавання ў значнай ступені паспрыяе ажыццяўленню гэтай мары...
Каб пакінуць каментар, аўтарызуйцеся: