Падзяліцца:
«Роздум. Запрашаем гасцей». Радыёблог Навума Гальпяровіча (аўдыё)
28 Снежня 2017
«Роздум. Запрашаем гасцей». Радыёблог Навума Гальпяровіча (аўдыё) Так склалася, сябры, што пераднавагоднія і навагоднія дні настройваць нас на рамантычныя светлыя пачуцці. І хай, як сцвярджаюць некаторыя, святкуюць Новы год не ўсе, ды ўсё ж большасць нашых суайчыннікаў і бліжэйшых суседзяў лічаць гэтае свята адным з галоўных у жыцці. Некаторыя традыцыйна з сям’ёй перад тэлевізарам з салатам аліўе і іншымі прысмакамі глядзяць любімыя перадачы, нехта адпраўляецца ў госці да знаёмых і сяброў, а нехта адпраўляецца ў рамантычнае падарожжа. Наша сталіца, горад Мінск, традыцыйна ўзначаліў рэйтынг самых папулярных у расіян гарадоў СНД на навагоднія святы. Пра гэта паведаміла БЕЛТА паводле дадзеных расійскага сервіса браніравання жылля. У Мінск турысты прыедуць у сярэднім на тры з паловай дні. Але не толькі сталіца прыцягвае гасцей. У Беларусі ў перыяд навагодніх святаў таксама папулярныя візіты ў рэзідэнцыю Дзеда Мароза ў Белавежскай пушчы і адпачынак на гарналыжных курортах у Лагойску і Сілічах. Вось прамовіў пра гараналыжныя курорты і падумаў: а што, гэтак гадоў трыццаць-сорак таму сказаў бы хто, што едзе ў Беларусь катацца на горных лыжах, прынялі б гэта за першакрасавіцкі жарт. Урэшце і мы, і нашы госці адчулі, што наша краіна – гэта вельмі прывабнае для падарожнікаў месца. Разнастайнасць прыроды, гістарычныя помнікі, ветлівыя і гасцінныя людзі робяць нашу зямлю сапраўдным турыстычным раем. Першая Нацыянальная праграма развіцця турызму ў Рэспубліцы Беларусь была прынята ў 2004 годзе. Вынікам яе выканання стаў значны рост экспарту турыстычных паслуг, развіццё турыстычнай інфраструктуры ў краіне, спрашчэнне ўязнога рэжыму і ўмоў знаходжання замежных грамадзян на тэрыторыі Беларусі. Сёння ў Беларусі рэалізуецца шэраг дзяржпраграм, у якіх прадугледжаны меры і сродкі па стварэнні сучаснай інфраструктуры турызму ў розных рэгіёнах краіны. Дзяржаўная праграма «Беларусь гасцінная» на 2016-2020 гады накіравана на фарміраванне і развіццё сучаснага канкурэнтаздольнага турыстычнага комплексу, павелічэнне ўкладу турызму ў развіццё нацыянальнай эканомікі. Турыстычная інфраструктура Беларусі дае магчымасць з камфортам размясціцца, паспытаць нацыянальных страў, бяспечна і хутка дабрацца ў любы куток краіны, набыць сувеніры. Дзякуючы развіццю інфармацыйных тэхналогій, у Беларусі ствараецца нацыянальная сістэма анлайн-браніравання, што дае магчымасць турысту заказаць нумары ў большасці гасцініц краіны. Турыстычны патэнцыял Беларусі заключаецца ў разнастайнасці і харастве прыроды, унікальнасці гісторыка-культурнай спадчыны. У рэспубліцы налічваецца больш за 15 тысяч аб'ектаў, якія маюць гістарычную, культурную, архітэктурную значнасць, а таксама памятных мясцін, звязаных з імёнамі выдатных дзеячаў сусветнай гісторыі і культуры. Беларусь удзельнічае ў шэрагу трансгранічных праектаў – «Невядомая Еўропа» ў Гродзенскай вобласці, Еўрарэгіён «Паазер'е», «Бэла Дзвіна» ў Віцебскай вобласці. Усе яны дапамагаюць больш эфектыўна выкарыстоўваць гісторыка-культурную спадчыну і ўнікальны прыродны патэнцыял краіны. Як вядома, сёлета для замежных турыстаў з’явілася магчымасць наладзіць пяцідзённы бязвізавы ўезд у нашу краіну праз аэрапорт Мінск. За гэты час такой магчымасцю скарысталіся амаль 77 тысяч турыстаў. 26 снежня кіраўнік дзяржавы падпісаў указ аб бязвізавым уездзе на 10 дзён у Брэсцкую і Гродзенскую вобласці. У гэтых рёгіёнах тэрмін часовага знаходжання замежнікаў павялічваецца да 10 сутак. Разам з тым, у арганізацыі замежнага турызму ёсць яшчэ над чым працаваць. Прынамсі, трэба больш заахвочваць развіццё прадпрымальніцтва і прыватнай ініцыятывы. Акрамя таго, лідары туріндустрыі адзначаюць, што тая статыстыка, якая вядзецца ў нас, не дазваляе ацаніць унёсак турыстычнай сферы ў эканоміку краіны. Трэба мяняць методыку падліку турыстаў і іх выдаткаў у Беларусі. Неабходныя таксама рэкламныя туры ў Беларусь для прадстаўнікоў іншых краін. Яшчэ адно несумненна: Беларусь стане цікавай замежнікам тады, калі стане цікавай і для нас саміх, калі кожны наш жыхар зможа з гонарам расказаць «вось пра гэты будынак» або «вось пра тую скульптуру», параіць тую ці іншую нацыянальную страву ў кафэ. Нам ёсць што паказаць і аб чым расказаць гасцям. Хай новы год прынясе нам яшчэ больш сустрэч з цікаўнымі людзьмі, якія раскажуць свету пра нашу цудоўную краіну!
Каб пакінуць каментар, аўтарызуйцеся:
Войти как пользователь
Вы можете войти на сайт, если вы зарегистрированы на одном из этих сервисов: